«БелВітУніфарм» у чэрвені 2010 года ўвядзе ў эксплуатацыю першую лінію па вытворчасці медпрэпаратаў
26 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. РУП "БелВітуніфарм" плануе ў чэрвені 2010 года ўвесці ў эксплуатацыю першую лінію па вытворчасці лекавых прэпаратаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Алег Мяркушаў.
Па замове віцебскага прадпрыемства лінія па фасоўцы і ўпакоўцы лекавых прэпаратаў коштам каля Br3,1 млрд. выпускаецца вытворцам з Германіі. "Зараз мы шчыльна працуем з нямецкім партнёрам і разлічваем ужо ў маі атрымаць абсталяванне і прыступіць да яго мантажу", - удакладніў дырэктар. Увод у эксплуатацыю лініі дазволіць прадпрыемству асвоіць выпуск 50 найменняў лекавых сродкаў, 48 з якіх плануецца выпускаць у таблетаванай форме, астатнія ў жацінавых капсулах. У асноўным гэта будуць супрацьзапаленчыя, антыбактэрыяльныя прэпараты, у тым ліку прызначаныя для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы і стрававання.
На дадзеным этапе партнёрам віцебскага прадпрыемства выступае іарданскае фармацэўтычнае прадпрыемства JPM. Іарданскі вытворца плануе перадаць тэхналогіі вытворчасці па 170 найменнях прэпаратаў, з якіх каля 80% з'яўляюцца імпартазамяшчальнымі. Пасля праходжання іх рэгістрацыі ў Беларусі "БелВітуніфарм" прыступіць да вытворчай дзейнасці. Акрамя таго, зараз прапрацоўваецца пытанне аб уключэнні "БелВітуніфарма" ў план акцыянавання аб'ектаў, якія знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасці, на 2010 год. Прадпрыемства зацікаўлена ў пошуку інвестара, у тым ліку ў прыцягненні яго да ўдзелу ў магчымым акцыянаванні. "Зараз мы вядзём перамовы з іарданскімі партнёрамі па гэтых пытаннях і дасягнулі папярэдняй згоды на іх удзел у прыватызацыі шляхам унясення ва ўстаўны фонд будучага акцыянернага таварыства нематэрыяльных актываў на суму, эквівалентную не менш за 2 млн. еўра", - сказаў Алег Мяркушаў.
Другі этап рэалізацыі праекта разлічаны на перыяд да 2011 года і прадугледжвае стварэнне вытворчасці па поўным тэхналагічным цыкле. Прадпрыемства будзе арыентавана не толькі на выпуск, але і стварэнне сучасных лекавых прэпаратаў, для чаго прадугледжваецца арганізацыя навукова-даследчага цэнтра сумесна з Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам. Для павышэння экспартнага патэнцыялу плануецца сертыфікаваць вытворчасць на адпаведнасць міжнародным стандартам якасці GMP. У агульным аб'ёме вытворчасці на цвёрдыя лекавыя формы будзе прыпадаць 68%, на мяккія (мазі і гелі) - каля 11%, астатняе - стэрыльныя прэпараты для ін'екцый. Агульны кошт праекта ацэньваецца ў суму каля 80 млн. еўра. Плошча вытворчых карпусоў складзе больш за 25 тыс. кв.м, а колькасць персаналу - каля 1 тыс. чалавек.-0-