Бярэзінскі біясферны запаведнік атрымаў статус Рамсарскіх угоддзяў

4 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Бярэзінскі біясферны запаведнік уключаны ў спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння. Такое рашэнне прынята сакратарыятам Рамсарскай канвенцыі. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце дзяржаўнай прыродаахоўнай установы "Бярэзінскі біясферны запаведнік" Валерый Івковіч. Супрацоўнікамі запаведніка сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, Нацыянальнай акадэміяй навук на працягу некалькіх гадоў вялася падрыхтоўка неабходных дакументаў для падачы заяўкі ў Рамсарскае Бюро. Прызнанне ўгоддзя Рамсарскім ажыццяўлялася па складанай сістэме крытэрыяў, і ў выніку запаведнік стаў 9-й тэрыторыяй у Беларусі, якая атрымала гэты статус. Раней міжнародны спіс папоўнілі беларускія заказнікі "Спораўскі", "Сярэдняя Прыпяць", "Званец", "Амальянскія балоты", "Асвейскі", "Ельня", "Котра" і "Простыр". Інфармацыя аб стане гэтых і іншых аб'ектаў, уключаных у спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння, змяшчаецца ў базе даных Міжнароднага бюро па захаванні водна-балотных угоддзяў і пастаянна абнаўляецца. Як адзначыў Валерый Івковіч, асноўнай мэтай Рамсарскай канвенцыі з'яўляецца захаванне і рацыянальнае выкарыстанне водна-балотных угоддзяў. Тэрыторыя Бярэзінскага запаведніка ўяўляе сабой унікальны прыродны комплекс, які спалучае выключную разнастайнасць водна-балотных угоддзяў – розныя тыпы балот: верхавыя, пераходныя і нізінныя, якія ў сукупнасці складаюць 60% ад плошчы тэрыторыі запаведніка. Акрамя таго, па тэрыторыі запаведніка праходзіць разгалінаваная сетка вялікіх і малых рэк, пойма ракі Бярэзіны, розныя па памерах і паходжанні азёры. Агульная плошча водна-балотных угоддзяў складае каля 70%, а колькасць і відавы склад жывёл і раслін адпавядае міжнародным крытэрыям для ўключэння запаведніка ў спіс Рамсарскіх угоддзяў. Запаведнік – месца пражывання мноства відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення ў сусветным маштабе, напрыклад, вялікі арлец, і відаў, якія знаходзяцца ў стане, блізкім да пагражальнага, такіх як драч. Угоддзі Бярэзінскага запаведніка з'яўляюцца аднымі з найбольш важных месцаў гнездавання і міграцыі водна-балотных птушак у Беларусі. Разам з нядаўна атрыманым статусам Рамсарскіх угоддзяў запаведнік мае статусы дзяржаўнага запаведніка, біясфернага рэзервата, біягенетычнага рэзервата, ключавой арніталагічнай тэрыторыі, пункта маніторынгу нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя (НСМАа). Рамсарская канвенцыя або Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам як месцапражыванні вадаплаўных птушак, была прынята ў лютым 1971 года ў іранскім горадзе Рамсар. Канвенцыя з'яўляецца першым глабальным міжнародным дагаворам, цалкам прысвечаным адным тыпе экасістэм. Рамсарская канвенцыя падтрымана 160 дзяржавамі свету. Рэспубліка Беларусь далучылася да яе ў 1990 годзе. Спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння ўключае 1910 угоддзяў. -0-