Бярэзінскі біясферны запаведнік раскрые турыстам таямніцы балот
15 красавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Бярэзінскі біясферны запаведнік запускае новую экалагічна-экскурсійную праграму з элементамі анімацыі "Таямніцы запаведнага балота", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік экатурыстычнага аддзела запаведніка Дзіяна Сімановіч.
Праграма пачынаецца з наведвання Дома экалагічнай асветы, дзе турысты могуць азнаёміцца з гісторыяй стварэння запаведніка, даведацца шмат цікавага пра беларускія балоты і легенды пра іх насельнікаў. У Музеі прыроды наведвальнікам раскажуць пра рэдкіх жывёл і птушак, якіх можна сустрэць у запаведніку.
Галоўным сюрпрызам для турыстаў стане займальная экскурсія па экалагічнай сцежцы, на якой яны сустрэнуць загадкавага балотніка. Ён не толькі раскажа пра свае ўладанні, але і прапануе гасцям палюбавацца імі з вышыні, узышоўшы на спецыяльна ўсталяваную дзесяціметровую аглядную вышку.
Завершыцца казачнае падарожжа наведваннем вальераў з дзікімі жывёламі. "Тут турысты змогуць пазнаёміцца з традыцыйнымі насельнікамі беларускіх лясоў - мядзведзямі, зубрамі", - расказала Дзіяна Сімановіч.
Для прыцягнення дадатковых патокаў турыстаў спецыялісты запаведніка рыхтуюць і новыя водныя маршруты. У бліжэйшы час тут плануюць арганізоўваць зпуск на байдарках па рацэ Бярэзіна. Плануецца, што працягласць паходаў будзе рознай - ад аднаго да трох дзён. За гэты час турысты змогуць азнаёміцца з найпрыгажэйшымі прыроднымі куткамі Бярэзінскага біясфернага запаведніка, паназіраць за прадстаўнікамі жывёльнага свету, убачыць рэдкія расліны. Распрацоўваецца водны маршрут, які прадугледжвае падарожжа на байдарках па адным з участкаў гістарычнага шляху "З варагаў у грэкі", што праходзіць па возеры Плаўна.
Разнастайнасць жывёльнага і расліннага свету Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыгажосць яго прыроднага комплексу прыцягваюць усё больш турыстаў. Толькі летась запаведнік наведалі каля 30 тыс. чалавек. Акрамя беларусаў сюды прыязджаюць немцы, французы, галандцы, расіяне. З павелічэннем турыстычнага патоку ў запаведніку прымаюцца меры па аптымізацыі нагрузкі на экасістэмы і захаванні рэдкіх відаў жывёл, птушак і раслін.
Бярэзінскі біясферны запаведнік - найстарэйшы сярод ахоўных аб'ектаў, што складаюць прыродную спадчыну Беларусі. Яго прыродны комплекс размяшчаецца на тэрыторыі 107,6 тыс. га і ўключае разнастайныя тыпы паўднёва-таёжных лясоў, балот, поймавых лугоў, азёр і рэк. Дзякуючы біялагічнай разнастайнасці і ўнікальнасці прыродных комплексаў запаведнік мае выключную значнасць не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы. Тут растуць больш за 2 тыс. відаў раслін, 78 з якіх уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі.-0-