Бярэзінскі запаведнік запрашае прайсці "Шляхам цмока"

Бярэзінскі запаведнік запрашае прайсці "Шляхамі цмока". Здзейсніць поўнае таямніц падарожжа ўсе ахвотныя змогуць 21-22 верасня, паведамілі ва ўстанове аховы прыроды.

У гэтыя вераснёўскія дні ў запаведніку пройдзе міжнародны фестываль міфалогіі "Шлях цмока". Новы форум па задумцы адміністрацыі запаведніка і мясцовага райвыканкама аб'яднаў два цікавыя праекты з агульнай міфалагічнай тэматыкай, якія штогод праводзіліся на тэрыторыі Лепельскага раёна. Заснаваныя на славянскіх міфах і легендах фестывалі "Міфы на балоце" ў Бярэзінскім запаведніку і "У госці да Лепельскага Цмока" ў Лепелі ўяўлялі ўнікальную магчымасць удзельнікам і гасцям акунуцца ў таямнічы свет беларускіх міфаў, легенд і казак. "Мэта аб'яднання фестываляў - стварыць больш масавы і відовішчны культурны праект з пашыранай праграмай, прывабнай для рознай аўдыторыі", - адзначылі ў запаведніку.

Першы фестываль, арганізаваны ў новым фармаце, будзе праходзіць на некалькіх пляцоўках цэнтральнай сядзібы Бярэзінскага біясфернага запаведніка ў вёсцы Домжарыцы. Гасцей чакае сустрэча з галоўным героем - Лепельскім Цмокам, дэфіле персанажаў беларускай міфалогіі, тэатралізаванае прадстаўленне, выступленні музычных калектываў, майстар-клас беларускага танца з героямі славянскай міфалогіі.

Шмат уражанняў падорыць і вячэрняя праграма, якая ўключае выступленне музычных калектываў, агнявую феерыю, наведванне Музея міфалогіі, інтэрактыўную начную прагулку па сцежцы міфаў, сустрэчы з міфалагічнымі персанажамі, начны кінапаказ. І гэта яшчэ не поўны пералік: многія "фішкі" арганізатары яшчэ прапрацоўваюць і маюць намер раскрыць крыху пазней. На працягу ўсяго фестывалю будуць працаваць розныя тэматычныя пляцоўкі, гульнявыя зоны для дзяцей, фудкорты, выставы. Самых актыўных удзельнікаў чакаюць памятныя прызы і дыпломы ад спонсараў і партнёраў форуму.

БелТА. Фота з архіва.