Бешанковічы – патэнцыял магчымасцей. Рэпартаж АТН
Бешанковіцкі раён – у цэнтры Віцебшчыны і самы маленькі па плошчы ў вобласці. Тут пражываюць крыху больш за 14 тысяч чалавек. Лічбу практычна напалам дзеліць гарадское і сельскае насельніцтва. Убачыўшы хоць раз пейзажы Віцебшчыны – люстэркі азёр, акружаных густой зелянінай, складана застацца абыякавым. Таму не дзіўна, што сюды ўкладваюць грошы замежныя бізнесмены, каб развіваць сэрвіс, зарабляць і вяртацца ў любімыя мясціны…
Гэтая база адпачынку – не выключэнне: тут працуюць удала ўкладзеныя расійскія грошы. Да гэтага быў закінуты піянерлагер, акружаны срэбнымі крыніцамі. Адсюль і назва. Укладваюць не толькі ў развіццё турыстычнай галіны… У Бешанковічах аб'ядналіся інвестары з 4 краін – Літвы, Латвіі, Індыі і Беларусі. Вынік – інавацыйны комплекс па вытворчасці супрацьракавых лекаў. У адным флаконе і імпартазамяшчэнне, і экспарт. Працуюць спецыялісты і з Віцебска, і з Бешанковічаў. Штат плануюць пашыраць.
Спецыялістаў сабе падбіраюць яшчэ на 3-4 курсе ВНУ, калі бачаць зацікаўленасць і моцную падрыхтоўку, запрашаюць на практыку
Міхаіл – адзін з такіх студэнтаў. Працуе інжынерам-тэхнолагам. Ад яго залежыць правільная прапорцыя кампанентаў і выкананне правілаў пры вырабе медыкаментаў.Звернемся да народнай медыцыны. У Бешанковіцкім раёне больш за сотню пчаляроў. Гэта і самазанятасць, і дадатковы даход. А для кагосьці і запал... Цяпер запатрабаваны не толькі мёд, але і прадукты пчалярства. Гадоў 10 таму на гэта не звярталі ўвагі. Цяпер перга, пылок, праполіс – усё ў цане. Як і здароўе. Міхаіл Валянцінавіч з пчоламі на "ты". Узначальвае раённае таварыства пчаляроў. Калі вырашыў павялічыць сваё пажоўклае пагалоўе, суседзям было не даспадобы, давялося купіць домік у закінутай вёсцы і ўсіх перавезці. Так хутар засялілі пчолы. А вось і пара лайфхакаў для правядзення пчалацерапіі.
Усё вырашаюць прафесіяналы: і як рэаніміраваць глебу, і як натхніць яе на новыя вялікія ўраджаі
Загубленую зямлю сёлета выкупіла гаспадарка "Тэра Ностра". Раней ускосна працавалі з зямлёй – усё больш куплялі ды прадавалі тэхніку, запчасткі і спадарожнае. Сёлета апрацаулі ўсе 4 тысячы гектараў - не забылі ні пра адзін клапцік. І ўсё роўна мала, у суседнім раёне ўзялі столькі ж. Дзмітрый, праз 15 гадоў працы з зямлёй на ты, ведае, як падкорміць і як угадзіць, працуе на аснове дадзеных эксперыментальных дзялянак. На іх высейваюць збожжа і спрабуюць новыя спосабы догляду за раслінамі - такі невялікі даследчы інстытут унутры гаспадаркі. Не варта кніжных парад і сезоннасці - працуе ад патрэбы канкрэтных участкаў.
Людміла Пятроўна 40 гадоў у сельскай гаспадарцы - да працы ставіцца з трапятаннем, як і да людзей. Узначальвае адно з лепшых прадпрыемстваў раёна - спецыялізуюцца на малацэ, таму ведаюць, як якасна накарміць буранку і правільна скласці меню. На зарплату не скардзяцца. Здзельная, а значыць, колькі зрабіў - столькі і атрымаў.
Гэтаму прадпрыемству 3 дзясяткі. Вырабляюць мультыпаліўныя катлы - спальваюць не проста шчэпку, але і торф, і смецце - сур'ёзны крок у развіцці малой энергетыкі для ЖКГ. Сёлета асвоілі выпуск фільтраў для ачысткі прамысловых газаў. Новы этап развіцця наступіў у 2011 годзе, пасля наведвання Прэзідэнтам. Тады былі выдзелены сродкі з Беларускага інавацыйнага фонду і набыта новае абсталяванне. Гэта мозг прадпрыемства і месца працы праграмістаў. Менавіта яны ўліваюць душу ў цяжкі метал, робяць яго згаворлівым і простым у выкарыстанні, і больш мабільным.
Як бы ні крочылі ў нагу з часам, гісторыя і мінулае заўсёды аказваюць уплыў на сучаснасць
Жыццё Бешанковіцкага раёна звязана з ракой. Лічыцца, што тут пралягаў гандлёвы шлях з варагаў у грэкі. А ў XVII стагоддзі менавіта ў Бешанковічах была пабудавана найбуйнейшая на Заходняй Дзвіне прыстань. Заходняя Дзвіна падзяліла Бешанковічы. Каб дабрацца з аднаго берага на іншы - раней дзейнічала паромная пераправа, цяпер на вяснова-асенні перыяд усталёўваюць вось такую пантанавую пераправу. Але ў лістападзе яе здымаюць і людзі перамяшчаюцца па лёдзе альбо на лодках, прафесія лодачніка тут па-ранейшаму актуальная.Раённыя службы, аптэкі, бальніца і банкі - на адным беразе ракі. Начебта, рукой падаць, але як перабрацца праз Дзвіну, калі стацыянарнага моста няма, а ў аб'езд - кругаля ў сто кіламетраў.