Бешанковіцкі раён першым у Віцебскай вобласці выканаў план па сяўбе азімага рапсу
11 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гаспадаркі Бешанковіцкага раёна першымі ў Віцебскай вобласці завяршаюць выкананне плана па сяўбе азімага рапсу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
Паводле даных на 11 жніўня, у раёне пасеяна больш за 2 тыс.га гэтай культуры, або каля 98% да плана. У цэлым па вобласці азімы рапс займае плошчу ўжо амаль 20,4 тыс.га, што складае каля 41% да плана. Акрамя таго, у вобласці набіраюць тэмп работы па падрыхтоўцы да сяўбы азімых збожжавых. Так, узарана звыш 104 тыс.га глебы пад азімую сяўбу, або 35% да плана, гліфасаты ўнесены на 70,8 тыс.га (35,5% да задання). Непасрэдна пасяўныя работы з азімымі збожжавымі ў Віцебскай вобласці плануецца пачаць 20 жніўня.
Разам з тым на бягучым тыдні гаспадаркі Віцебскай вобласці плануюць пераадолець мяжу па намалоце 1 млн.т збожжа. Паводле даных на раніцу 11 жніўня, агульны намалот склаў звыш 940 тыс.т, пры гэтым за мінулыя суткі ўдалося пакласці ў засекі больш за 40,1 тыс.т збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць захоўваецца на ўзроўні 32 ц/га, а сярод раёнаў пакуль найбольшую ўраджайнасць атрымліваюць гаспадаркі Аршанскага раёна, дзе гэты паказчык складае 35,3 ц/га. Аршанскія аграрыі намалацілі амаль 88 тыс.т збожжа, што таксама з'яўляецца самым значным вынікам па ходзе цяперашняй уборачнай.
Усяго па вобласці збожжавыя і зернебабовыя скашаны на плошчы каля 295 тыс.га, што складае каля 67% ад плошчаў, якія падлягаюць уборцы. Бліжэй усіх да завяршэння масавай уборкі гаспадаркі Чашніцкага і Верхнядзвінскага раёнаў, дзе скашана адпаведна 89% і 87,1% плошчаў.
Аграрыі вобласці здалі ў кошт дзяржзаказу звыш 140 тыс.т збожжа, што складае больш за 75% да плана, у тым ліку піваварнага ячменю здадзена нарыхтоўшчыкам у аб'ёме каля 4 тыс.т (звыш 13% да плана). Лён выцярэблены на плошчы больш за 13,3 тыс.га, або каля 74% да плана.-0-