Бясплатныя семінары і льготы на арэнду офісных памяшканняў. У Глыбокім адкрыюць цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва
Нагадаем, па праекце ў краіне будзе працаваць шэсць цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Тры ўстановы ўжо ажыццяўляюць дзейнасць у Чавусах, Крычаве, Мсціславе. Да канца года яшчэ адно адкрыецца ў Горках.
На іх базе праходзіць значная частка мерапрыемстваў праграмы «Малыя гарады», якая стартавала два гады таму. За гэты перыяд было праведзена 60 семінараў у 20 гарадах Магілёўскай і Віцебскай абласцей, дзе навучана 1300 прадпрымальнікаў.
У праграме прынялі ўдзел эксперты па маркетынгу, бізнес-планаванні, франчайзінгу і фінансах. Тэмы заняткаў фарміраваліся зыходзячы з запатрабаванасці і актуальнасці для саміх удзельнікаў.
— Найбольшую цікавасць у пачаткоўцаў бізнесменаў заўсёды выклікалі пытанні, звязаныя з магчымасцямі атрымання фінансавай падтрымкі для старту сваёй дзейнасці, — расказала кіраўнік праекта «Малыя гарады» Марына Каліноўская.
Акрамя ўдзелу ў бясплатных навучальных семінарах, мясцовыя прадпрымальнікі могуць атрымаць тут прафесійныя кансультацыі па юрыдычных і бухгалтарскіх пытаннях, на льготных умовах узяць у арэнду офісы або абсталяваныя працоўныя месцы.
Пастаянныя партнёры праекта — Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў і ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». Першым крокам у сумеснай працы з апошнім стала распрацоўка асобнага крэдытнага прадукту, накіраванага на падтрымку развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Выгадныя ўмовы фінансавання прыцягнулі вялікую колькасць прадпрымальнікаў у невялікіх гарадах. З 2017 года Банкам развіцця ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях было прафінансавана 605 праектаў на агульную суму 103,2 млн рублёў.
Пасля завяршэння ў 2020 годзе праекта «Малыя гарады» цэнтры працягнуць арганізоўваць мерапрыемствы ў супрацоўніцтве з мясцовымі органамі кіравання.