Бессаромна зарабляць папулярнасць на сумленным імені беларускіх партызан - удзельнікаў ВАВ
31 сакавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Зарабляць папулярнасць на сумленным імені беларускіх партызан бессаромна. Аб гэтым заявіў карэспандэнту БЕЛТА удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Іван Падворны, выказваючы сваю кропку гледжання на змест і назву сайта "Беларускі партызан".
Былы настаўнік даведаўся пра сайт ад сваёй дачкі і спачатку нават не паверыў, што падобнае можа з'явіцца ў Інтэрнэце. "Праўду трэба пісаць, а чарніць краіну і яе гісторыю недапушчальна", - з партызанскай праматой сказаў Іван Кірылавіч.
Іван Падворны ў 1943-1944 гадах быў партызанам брыгады імя Панамарэнка Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. З 1944 года ваяваў на 1-м Украінскім фронце ў 13-й мотастралковай дывізіі 5-й гвардзейскай арміі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём за баявыя заслугі.
Як расказаў старшыня Ушацкага раённага Савета ветэранаў Уладзімір Маладзец, ветэраны партызанскай Ушаччыны лічаць, што сайт з назвай "Беларускі партызан" павінен расказваць маладым пра гераічную гісторыю краіны, пра барацьбу народа супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў, захаваць успаміны тых, хто ваяваў.
Уладзімір Маладзец ад імя ветэранаў Ушацкага раёна накіраваў пісьмо ў Віцебскі абласны Савет грамадскага аб'яднання ветэранаў, у якім выказаў салідарнасць з пазіцыяй ветэранаў Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў і абурэнне выкарыстаннем у назве недзяржаўнага электроннага СМІ спалучэння "беларускі партызан". "Моладзь Ушаччыны выхоўваецца на прыкладах мужнасці і подзвігах партызан, якія ў гады акупацыі, падчас баявых дзеянняў цаной уласнага жыцця абаранялі Радзіму. Слова "партызан" мае для ўсіх самы высокі патрыятычны сэнс і асацыюецца са словамі "мужнасць", "подзвіг", "гонар", "доблесць". Мы катэгарычна супраць падмены паняццяў, бо гэта таксама недапушчальна, як і спробы перапісаць гісторыю, пераацаніць подзвіг савецкіх салдат, беларускіх партызан і падпольшчыкаў", - сказана ў пісьме ветэранаў Ушацкага раёна.-0-