Беспрацоўе ў Віцебскай вобласці мяняе жаночы твар на мужчынскі
Беспрацоўе ў Віцебскай вобласці мяняе жаночы твар на мужчынскі. Упершыню за апошнія некалькі гадоў колькасць беспрацоўных мужчын перавысіла колькасць жанчын, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Аляксандр Хрыстафораў.
Доля мужчын у колькасці зарэгістраваных беспрацоўных у гэтым годзе складае 51%, у мінулым годзе іх было 49%. Калі ў 2011-м сярэднестатыстычны беспрацоўны ў Віцебскай вобласці – жанчына 34 гадоў са сярэдняй агульнай адукацыяй, то цяпер гэта 32-гадовы мужчына з атэстатам аб заканчэнні сярэдняй школы.
Як адзначыў Аляксандр Хрыстафораў, сітуацыя на рынку працы ў вобласці застаецца стабільнай, кантраляванай і кіраванай. У гэтым годзе рынак працы рэгіёна фарміраваўся ва ўмовах структурнай перабудовы эканомікі, пад уплывам дэмаграфічных і эканамічных фактараў. На 3,2 тыс. зарэгістраваных беспрацоўных прыпадае 6,2 тыс. вакансій. Структура попыту на работнікаў фактычна не змянілася. Рынак працы арыентаваны на рабочыя прафесіі, якія складаюць каля 85% ад агульнай колькасці заяўленых наймальнікамі вакансій. Усюды попытам карыстаюцца будаўнікі, сельскагаспадарчыя рабочыя і рабочыя дрэваапрацоўчай прамысловасці, швачкі, прадаўцы, кіроўцы. Не хапае ў рэгіёне і ўрачоў. Службы занятасці адзначаюць узрослы попыт на рабочых высокай кваліфікацыі, якія маюць некалькі сумежных прафесій і вопыт работы.
БЕЛТА