Няма абыякавых: як праходзіць датэрміновае галасаванне ў Віцебску
Даволі нечакана, але яшчэ да адкрыцця ўчасткаў у фае стаялі чалавек сем, якія прыйшлі прагаласаваць. Знаёмімся. Надзея Ішчанка – пенсіянерка, ёй 67 гадоў:
– Свой меркаванне на выбарах абавязкова трэба выказаць, гэта ж наша будучыня. Мы задаволены ўладай – такога парадку, такой будоўлі ніколі раней не было. У 1992 годзе я сюды пераехала, атрымала тады яшчэ бясплатную кватэру – мы былі адны ў чыстым полі, хадзілі па гліне, мала хто хацеў тут жыць. А за гэтыя гады тут пабудавалі цэлы горад! І ўсюды парадак, прыгажосць. Як не падтрымаць гэту ўладу?
У швачкі Валянціны Бізунавай графік працы два праз два, яна прыйшла на ўчастак у выхадны:
– Выбары не прапускаю ніколі, тым больш цяпер выбіраем галоўнага чалавека ў краіне. Так, не ўсё ў нас гладка і шмат цяжкіх задач стаіць перад уладай. Пажывём – пабачым, як яна справіцца з новымі выклікамі. Вядома, цяперашняя кампанія вельмі хвалюючая, не заўсёды зразумела, што адбываецца. У інтэрнэце, напрыклад, раяць не галасаваць датэрмінова, затое заклікаюць сфатаграфаваць бюлетэнь, кудысьці яго адпраўляць. Вось навошта гэта? Што з гэтым потым будуць рабіць?
Усё сваё свядомае жыццё прымае ўдзел у выбарах пенсіянерка Таццяна Буевіч:
– Галасую за Беларусь. Людзі старога закалу адказна да такіх рэчаў ставяцца. Я, дарэчы, у маладосці таксама працавала ў участковай камісіі, хадзіла з урнай па дамах. Чаго чакаю ад найбліжэйшых гадоў? Спакою, лепшага жыцця, ну і пенсію хацелася б больш.
Маргарыта Вайханская прыйшла на ўчастак у масцы. На пытанне, ці заўсёды ходзіць на выбары, прызнаецца, што раней магла і прапусціць. Цяпер упэўнена, што прагаласаваць павінен кожны:
– Гэта не проста грамадзянскі доўг, гэта неабходнасць. Нашы бацькі і дзяды прайшлі цяжкі шлях да свабоды і незалежнасці. Задача нашага пакалення – не толькі нарадзіць дзяцей, але і захаваць тое, што ёсць, зрабіць усё, каб наступныя пакаленні жылі годна. Усё добрае, што ёсць у краіне, – наша агульная заслуга, усяго народа. Усё дрэннае – агульная віна.
У першыя паўгадзіны працы ўчастка № 54 выказалі сваю волю больш за 15 чалавек. Па словах старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Ірыны Лашаковай, датэрміновае галасаванне зручна многім:
– Людзі ідуць з моманту адкрыцця, гэта права выбаршчыка – вызначаць для сябе аптымальны час для галасавання. У нас на ўчастку зарэгістравана 1806 чалавек, па практыцы мінулых кампаній магу сказаць, што каля траціны галасуюць датэрмінова, вялікі наплыў бывае ў суботу. Сёлета ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Мінздава і ЦВК усе члены выбарчай камісіі працуюць у пальчатках і масках. Маскі аднаразовыя, мяняюцца кожныя дзве гадзіны. Самае галоўнае – здароўе.
Традыцыйна на ўчастку падрыхтавалі сувеніры для тых, хто прыйдзе галасаваць упершыню, і цукеркі для дзяцей – многія адпраўляюцца на выбары ўсёй сям'ёй. У Віцебскай вобласці сёння адкрыліся 729 участкаў для галасавання. Па дадзеных ЦВК, у рэгіёне каля 850 тысяч выбаршчыкаў.