Бязвізавы ўезд для грамадзян Літвы і Латвіі дазволены да канца года

Улічваючы высокі запыт на беларускі бязвіз з боку замежных грамадзян, кіраўніцтвам краіны прынята рашэнне аб падаўжэнні права бязвізавага ўезду. Грамадзяне Літвы і грамадзяне (неграмадзяне) Латвіі змогуць прыбываць у Беларусь без візы да 31 снежня ўключна.

Агулам з 15 красавіка па 15 мая ў Беларусь на ўчастку адказнасці Полацкага пагранічнага атрада ў трох міжнародных пунктах пропуску Грыгараўшчына, Урбаны і Відзы прайшло амаль 12 тысяч грамадзян Літвы і Латвіі.

У пунктах пропуску павялічаны склад змен пагранічных нарадаў, пагранічнікі гатовыя да ўзрастання пасажырапатоку.

Нагадваем, што перасякаць мяжу без візы для грамадзян Літвы, Латвіі (і асоб, якія маюць статус неграмадзяніна Латвіі) будзе магчыма ў пунктах пропуску на беларуска-латвійскім і беларуска-літоўскім участках мяжы. На працягу гэтага перыяду ўказаныя катэгорыі грамадзян могуць скарыстацца правам бязвізавага ўезду ў Беларусь неабмежаваную колькасць разоў.

Пры ўездзе ім трэба прад'яўляць пашпарт, зялёную карту пры паездцы на аўтамабілі, адмоўны ПЦР-тэст або сертыфікат аб вакцынацыі і мець пры сабе медстрахоўку.