"BGAM Company" і "Розныя твары" прадставілі найлепшыя пастаноўкі на фестывалі харэаграфіі ў Віцебску

Праект Сяргея Мікеля "BGAM Company" (Мінск) і група сучаснай харэаграфіі "Розныя твары" (Мінск) прадставілі лепшыя пастаноўкі на XXVI Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Міжнароднае журы пад старшынствам лаўрэата міжнародных конкурсаў, мастацкага кіраўніка тэатра сучаснай харэаграфіі "Кіеў Модэрн-Балет" Раду Поклітару (Украіна) прысудзіла перамогу ў намінацыі "харэаграфічная мініяцюра" мінскім калектывам за пастаноўкі "Страчаныя і знойдзеныя" і "Звычайная гісторыя".

Уладальнікамі спецыяльных прэмій конкурсу сталі яшчэ 3 беларускія калектывы: прэмію "За выканальніцкае майстэрства" атрымалі танцоры "Skvo's Dance Company" (Мінск, аднаактавы балет "Бардо"), у намінацыі "Перспектыва" журы прысудзіла перамогу творчай майстэрні сучасных форм мастацтва "АБОІ" (Гомель, мініяцюра "Музыка вады"), уладальнікам спецыяльнай прэміі "Творчы аванс" Цэнтра культуры "Віцебск" стаў праект Кірыла Балтрукова "сінONіМЫ" (Мінск, мініяцюра "Першая проба").

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу і гала-канцэрт закрыцця фестывалю адбыліся 24 лістапада ў канцэртнай зале "Віцебск". Разам з лаўрэатамі конкурсу на сцэне таксама танцавалі госці форуму - рускі камерны балет "Масква".

XXVI Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі праходзіў у Беларусі 17-24 лістапада. Стартавай пляцоўкай форуму сёлета стаў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, на сцэне якога 17 лістапада ў рамках фестывалю выступілі Пермскі дзяржаўны тэатр "Балет Яўгена Панфілава" (Расія) і кампанія танца "Фрэска" (Ізраіль). У Віцебску фестывальныя выступленні стартавалі 19 лістапада. У канцэртнай зале "Віцебск" і на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа свае пастаноўкі прадставілі тэатр "Балет Яўгена Панфілава" (Перм), тэатр сучаснай харэаграфіі "D.O.Z.SK.I" (Мінск), балет Street jazz (Масква), Arts printing house (Вільнюс), "Кіеў мадэрн-балет" (Украіна), а таксама Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, які выканаў балет "Шэсць танцаў".

Галоўная падзея фестывалю - конкурс сучаснай харэаграфіі. Сёлета ў ім узялі ўдзел толькі беларускія калектывы. Папярэдні адборачны відэатур з 22 заяўленых прайшлі 13 калектываў.

Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC) закліканы папулярызаваць творчасць лепшых беларускіх калектываў сучаснага танца і спрыяць прасоўванню беларускіх харэографаў у еўрапейскую і сусветную культурную прастору. Ён па праве лічыцца адным з самых прэстыжных фестываляў у галіне сучаснай харэаграфіі на тэрыторыі Еўропы.

Заснавальнікамі фестывалю выступаюць Віцебскі аблвыканкам, Міністэрства культуры Беларусі, Віцебскі гарвыканкам, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Арганізатар - Цэнтр культуры "Віцебск".

Алена Ціханава