Бібліятэка ПДУ першай у Беларусі атрымала сертыфікат сістэмы менеджменту якасці СТБ ISO 9001-2009
21 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Навуковая бібліятэка Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (ПДУ) першай сярод навуковых бібліятэк Беларусі атрымала сертыфікаты на адпаведнасць сістэмы менеджменту якасці СТБ ISO 9001-2009 у Нацыянальнай сістэме пацвярджэння адпаведнасці Рэспублікі Беларусь і патрабаванням DIN EN ISO 9001:2008 у нямецкай сістэме акрэдытацыі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла яе дырэктар Ірына Дубко-Піўніцкая.
Пры распрацоўцы і ўкараненні сістэмы менеджменту якасці ў навуковай бібліятэцы прымяняліся ўсе восем прынцыпаў менеджменту якасці, але галоўная ўвага надавалася прынцыпу працэснага падыходу, які дазваляе разглядаць усе тэхналагічныя працэсы бібліятэкі ва ўзаемадзеянні. Такі падыход дазволіў забяспечваць высокую якасць прадастаўляемых інфармацыйна-бібліятэчных паслуг, максімальна ўлічваючы патрэбы карыстальнікаў, а таксама працаваць у адзінай сістэме дакументацыі, эфектыўна кіраваць працэсамі, навучаць і павышаць кваліфікацыю супрацоўнікаў бібліятэкі, падкрэсліла суразмоўніца.
Навуковая бібліятэка ПДУ шырока прымяняе сучасныя тэхналогіі і нароўні з традыцыйнымі для бібліятэк аддзеламі "Абанемент", "Чытальная зала" адкрыла аддзел "Электронная бібліятэка". Цяпер студэнтам завочнага аддзялення няма неабходнасці прыязджаць у Полацк, каб узяць кнігу з фондаў. Для гэтага ім дастаткова, маючы доступ у Інтэрнэт, увайсці ў электронны бібліятэчны каталог, знайсці і замовіць неабходнае выданне. На працягу сутак на яго электронны адрас паступіць электронны варыянт кнігі ці часопіса. У бібліятэцы дзейнічае "безпапяровая тэрыторыя замовы", якая дазваляе чытачу не перапісваць з каталога выхадныя дадзеныя кнігі, каб яе змаглі знайсці, а адразу ў электронным каталогу пазначыць патрэбную літаратуру і атрымаць яе ў адным з аддзелаў.
Універсітэт актыўна супрацоўнічае з замежнымі ВНУ, а яго бібліятэка з'яўляецца членам некамерцыйнай партнёрскай асацыяцыі рэгіянальных бібліятэчных кансорцыумаў "АРБІКОН", у якую ўваходзяць звыш 200 навуковых бібліятэк ВНУ Расіі, Беларусі, Казахстана, Украіны. Членства ў гэтай асацыяцыі дае магчымасць бібліятэцы пазнаёміць сваіх чытачоў з больш чым 1,2 тыс. навуковымі часопісамі, якія папаўняюць фонды бібліятэчных кансорцыумаў.
Навуковая бібліятэка ПДУ абслугоўвае ў год больш за 20 тыс. карыстальнікаў. Яе фонды налічваюць звыш 480 тыс. кніг і перыёдыкі, а з улікам электронных варыянтаў і баз дадзеных фонд налічвае 1,5 млрд. адзінак захоўвання.-0-