Бібліятэкі Наваполацка ў 2018 годзе працягваюць праект "Чытай са мной па-беларуску"

Новы сезон праекта "Чытай са мной па-беларуску" стартуе ў культурнай сталіцы Беларусі горадзе Наваполацку на гэтым тыдні, паведамілі ў Наваполацкім гарвыканкаме.

Маладыя супрацоўнікі бібліятэк Наваполацка 11 студзеня адправяцца ў дзіцячую паліклініку для таго, каб арганізаваць тут чытанні. "Зімовыя замалёўкі" пройдуць у вясёлай гульнявой форме. Маленькія пацыенты і іх бацькі ў чаканні прыёму ў лекара змогуць прыняць удзел у гульнях, конкурсах, майстар-класах. Але галоўнае - дзеці і дарослыя разам будуць чытаць вершы беларускіх паэтаў.

Праект "Чытай са мной па-беларуску", мэта якога - прыцягнуць дзяцей да чытання і раскрыць для іх прыгажосць гучання беларускай мовы, трывала ўвайшоў у практыку работы Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наваполацка. І ў 2018 годзе менавіта ён пачынае чараду мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі "Наваполацк - культурная сталіца Беларусі" ў бібліятэках горада. Рэспубліканская акцыя "Культурная сталіца Беларусі" праводзіцца дзявяты раз. У гэтым годзе культурнай сталіцай краіны стаў Наваполацк (городу ў 2018 годзе спаўняецца 60 гадоў), ён прыняў гэту эстафету ад Бабруйска. Статус культурнай сталіцы прысвойваўся Полацку (2010 год), Гомелю (2011 год), Нясвіжу (2012 год), Магілёву (2013 год), Гродна (2014 год), Брэсту (2015 год), Маладзечне (2016 год).

БЕЛТА.