Бібліятэкі Віцебска прадставяць навінкі і рэдкія выданні ў Дзень беларускага пісьменства

Библиотеки Витебска представят новинки и редкие издания в День белорусской письменности

Дзень беларускага пісьменства бібліятэкі Віцебска адзначаць знаёмствам чытачоў з новай літаратурай і унікальнымі выданнямі са сваіх фондаў, паведамілі ў Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме абласнога цэнтра.

Пры гэтым большая частка запланаваных на 4-5 верасня мерапрыемстваў з'яўляецца не проста прэзентацыйнай, а мае асветніцкія мэты. У прыватнасці, гарадская бібліятэка ім. М.Горкага запрашае жыхароў абласнога цэнтра на мультымедыйную прэзентацыю "Выток наш і аснова - Слова". Урок гісторыі "Часоў былых і новых повязь" правядзе для сваіх чытачоў бібліятэка ім. І.Крылова. А ў бібліятэцы ім. Е.Лось разгорнецца выстава-агляд лепшых выданняў "І вечным застанецца слова".

Захапляльныя і пазнавальныя праграмы падрыхтавалі для сваіх маленькіх наведвальнікаў і дзіцячыя бібліятэкі: вусны часопіс "Светачы зямлі беларускай" (бібліятэка ім. А.Гайдара), гістарычнае падарожжа "Ён роднай мове голас даў", прысвечанае 525-годдзю Францыска Скарыны (ім. Я.Коласа), ранішнік "І свет духоўнасці не гасне" (ім. Я.Маўра), урок роднай мовы "Прыгарніся да роднага слова" (ім. Я.Купалы), інфармацыйны час "Напачатку было Слова" (бібліятэка № 7, пасёлак Руба).

Аналагічныя сустрэчы з чытачамі і прэзентацыі арганізуюць установы бібліятэчнай сістэмы ўсёй вобласці. Акрамя таго, галоўнай падзеяй Скарынаўскіх дзён у Полацку ў гэтым годзе стане І Міжнародны дзіцячы форум, прысвечаны Дню беларускага пісьменства.

Кацярына Князева, БЕЛТА.