Бізнесмен з Мінскай вобласці зарабіў на нелегальных здзелках з дзяржпрадпрыемствамі больш за Br3 млрд.

9 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Жыхар Мінскай вобласці зарабіў на нелегальных здзелках з дзяржпрадпрыемствамі больш за Br3 млрд, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем падатковага і мытнага заканадаўства пракуратуры Віцебскай вобласці Раман Чудакоў. З студзеня 2007 па сакавік 2009 года бізнесмен ажыццяўляў праз ілжэпрадпрымальніцкія фірмы незаконныя здзелкі з прадпрыемствамі харчовай галіны Віцебскай вобласці. Ён пастаўляў ім розныя таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, а ўзамен па бартары атрымліваў прадукцыю прадпрыемстваў. За незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, звязаную з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры, УДФР КДК па Віцебскай вобласці ў дачыненні да бізнесмена ўзбудзіла крымінальную справу па ч.2 арт.233 Крымінальнага кодэкса Беларусі, якая прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Судовыя слуханні праводзяцца па месцы здзяйснення злачынства.-0-