Бізнесмены з Лодзі прапануюць стварыць у Віцебскай вобласці малыя прадпрыемствы па выпуску трыкатажу
19 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Польскія бізнесмены зацікаўлены ў стварэнні супольных вытворчасцей па выпуску вырабаў лёгкай прамысловасці. Дзелавыя прапановы прывезлі на міжнародны бізнес-форум "Інвестыцыйныя ініцыятывы Віцебскай вобласці" прадстаўнікі дзелавых колаў Лодзьскага ваяводства, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік дэпартамента прадпрымальніцтва, кіраўнік дэлегацыі Януш Бараноўскі.
Польскія бізнесмены гатовыя рэалізаваць праекты па выпуску трыкатажных і панчошна-шкарпэткавых вырабаў. Па завяршэнні форуму яны азнаёмяцца з вытворчай базай адкрытага акцыянернага таварыства "КІМ" у Віцебску і аршанскага прадпрыемства "Дынама-праграм". Акрамя таго, бізнесменаў прывабілі прапановы прадпрымальнікаў з малых гарадоў вобласці па стварэнні прадпрыемстваў па дрэваапрацоўцы.
Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА начальнік упраўлення развіцця прадпрымальніцтва і спажывецкага рынку Віцебскага аблвыканкама Валянцін Цветкаў, дзелавыя кантакты ў лодзьскіх і віцебскіх бізнесменаў завязаліся пасля бізнес-форумаў, якія ў канцы мінулага года прайшлі ў Польшчы. На яго думку, прыезд уладальнікаў прадпрыемстваў з Польшчы і іх цікавасць да канкрэтных прадпрыемстваў сведчыць аб цвёрдым намеры развіваць эканамічныя сувязі з Беларуссю. -0-