Бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва з 1 мая павышаны на 4,3% да Br266 тыс. 230

3 мая, Мінск, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва з 1 мая па 31 ліпеня 2010 года складае Br266 тыс. 230, паведамілі БЕЛТА ў Апараце Саўміна. У адпаведнасці з пастановай урада №651 ад 29 красавіка бягучага года для працаздольнага насельніцтва БПМ устаноўлены ў памеры Br284 тыс. 860, для пенсіянераў - Br238 тыс. 380, для дзяцей-студэнтаў - Br285 тыс. 500, для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 16 гадоў - Br325 тыс. 980, для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br237 тыс. 410. Як адзначылі ў аддзеле комплексных праблем развіцця сацыяльна-працоўнай сферы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, новы БПМ павысіўся на 4,3% у параўнанні з БПМ, які дзейнічаў з 1 лютага па 30 красавіка 2010 года (Br255 тыс. 220). Як вынік, з мая на 4,3% выраслі памеры дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. Адпаведна павялічаны памеры сацыяльных пенсій, а таксама надбаўкі і павышэнні, устаноўленыя да пенсій асобных катэгорый пенсіянераў. Бюджэт пражытачнага мінімуму штоквартальна зацвярджаецца ўрадам у цэнах апошняга месяца кожнага квартала. У адпаведнасці з законам "Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь" ён прызначаны для аналізу і прагназавання ўзроўню жыцця насельніцтва, аказання дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам (сем'ям), абгрунтавання мінімальных дзяржаўных сацыяльна-працоўных гарантый. БПМ выкарыстоўваецца для ацэнкі ўзроўню даходаў насельніцтва, памераў аплаты працы, пенсій, дапамог і іншых сацыяльных выплат, вызначэння ўзроўню і маштабаў малазабяспечанасці. БПМ уяўляе сабой вартасную велічыню мінімальнага набору матэрыяльных даброт і паслуг, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці чалавека і захавання яго здароўя, а таксама абавязковыя плацяжы і ўнёскі. У пражытачны мінімум для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва ўваходзяць наступныя віды матэрыяльных даброт і паслуг: прадукты харчавання, адзенне, бялізна, абутак, прадметы агульнасямейнага карыстання, лекі, прадметы санітарыі і гігіены, а таксама жыллёва-камунальныя, транспартныя і бытавыя паслугі, паслугі дзіцячых дашкольных устаноў. Бюджэт пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва прымяняецца для вызначэння сумы ўтрымання сродкаў з наймальнікаў, якія маюць запазычанасць па выплаце заработнай платы.-0-