Бюджэт Саюзнай дзяржавы ў 2010 годзе можа быць павялічаны на 20% - П.Барадзін

11 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Бюджэт Саюзнай дзяржавы ў 2010 годзе можа быць павялічаны на 20% у параўнанні з 2009 годам (сёлета ён складае каля 5 млрд. расійскіх рублёў - БЕЛТА). Гэта будзе гарантам фінансавання саюзных праграм. Аб гэтым паведаміў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін сёння на прэс-канферэнцыі ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Павел Барадзін адзначыў станоўчую дынаміку ўзаемнага гандлю Беларусі і Расіі, падкрэсліўшы, што трэць таваразвароту СНД складае беларуска-расійскі гандаль. На думку дзяржсакратара, да вырашэння эканамічных пытанняў, якія ўзнікаюць паміж краінамі, трэба падыходзіць на калегіяльнай і карпаратыўнай аснове. "Ніякіх войнаў паміж Беларуссю і Расіяй быць не можа", - падкрэсліў Павел Барадзін. Ён дадаў, што Беларусь імпартуе каля 3% здабываемых Расіяй энерганосьбітаў, а ў агульным аб'ёме імпартных прадуктаў харчавання ў Расіі беларускія займаюць толькі каля 5%. -0-