Бюджэт Віцебскай вобласці выкананы за I квартал з прафіцытам Br67 млрд.
28 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Бюджэт Віцебскай вобласці выкананы за I квартал бягучага года з прафіцытам у памеры Br67 млрд. Аб гэтым паведаміў сёння начальнік фінансавага ўпраўлення Віцебскага аблвыканкама Барыс Кічаноўскі на 20-й пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 26-га склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Віцебскай вобласці па выніках першага квартала гэтага года забяспечана станоўчая дынаміка па большасці параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Актывізацыя эканамічнай дзейнасці дазволіла мабілізаваць паступленні як у бюджэт гарадоў і раёнаў, так і ў абласны бюджэт. За студзень-сакавік у мясцовы бюджэт паступіла каля Br1,6 трлн. падаткаў і непадатковых даходаў. Гадавы план выкананы на 30,7% да ўдакладненых планавых гадавых значэнняў.
У першым квартале забяспечана апярэджальнае фінансаванне расходаў аграпрамысловага комплексу, бюджэтаў гарадоў і раёнаў за кошт датацый абласнога бюджэту, субсідаваны сацыяльна значныя сферы. У выніку расходы бюджэту Віцебскай вобласці прафінансаваны на 26% да ўдакладненага гадавога плана. Асноўная частка сродкаў традыцыйна накіравана на фінансаванне сацыяльнай сферы - каля 60% ад усіх расходаў бюджэту вобласці.
Значная падтрымка са сродкаў абласнога бюджэту аказана АПК. Камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама для правядзення пасяўных работ на Br280,2 млрд. павялічаны расходы для сельгас арганізацый рэгіёна. Для забеспячэння выканання абавязацельстваў перад банкамі па пагашэнні ў адпаведнасці з заключанымі дамовамі запазычанасцей па крэдытах, прыцягнутых на закупку мінеральных угнаенняў, і вырашэння пытання аб выкананні гарантыйных абавязацельстваў перад банкамі па наяўных пратэрмінаваных доўгах сельскагаспадарчых арганізацый Віцебскі абласны Савет дэпутатаў прыняў рашэнне аб удакладненні асобных паказчыкаў абласнога бюджэту на 2012 год. У адпаведнасці з ім у крыніцах унутранага фінансавання абласнога бюджэту павялічваюцца планавыя асігнаванні на выплату плацяжоў Віцебскім аблвыканкамам у якасці гаранта па пагашэнні і абслугоўванні крэдытаў у суме Br40 млрд. за кошт памяншэння расходаў абласнога бюджэту, прадугледжаных па іншых напрамках.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец адзначыў, што ў папярэднія гады ў рэгіёне праведзены маштабныя работы па розных напрамках, якія запатрабавалі прыцягнення значных рэсурсаў. На Br2,5 млрд. закуплена новай сельскагаспадарчай тэхнікі, што дазволіла фактычна цалкам мадэрнізаваць машынны парк АПК рэгіёна. Узнята 200 тыс.га ворнай зямлі, што запатрабавала затрат на паліва і мінеральныя ўгнаенні. Па праграме "Чыстыя палі" прыбрана 130 тыс.га хмызняковай расліннасці з палёў. Пабудавана каля 30 новых і рэканструявана больш за 40 малочна-таварных ферм. Значны аб'ём работ выкананы па развіцці і мадэрнізацыі прадпрыемстваў мяса-малочнай галіны. Мадэрнізаваны Глыбоцкі, Мёрскі мясакамбінаты, Верхнядзвінскі масласырзавод і шэраг іншых прадпрыемстваў. Новыя цэхі па выпуску сыроў будуюцца на Пастаўскім малочным камбінаце і браслаўскім філіяле Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната. "Укладзеныя сродкі павінны даваць і ўжо даюць свой вынік. За 2-3 гады яны цалкам акупяцца", - падкрэсліў Аляксандр Косінец.-0-