Бюджэтныя сродкі ў 2019 годзе пойдуць на завяршэнне будаўніцтва сацыяльна значных аб'ектаў у Віцебскай вобласці

Бюджетные средства в 2019 пойдут на завершение строительства социально значимых объектов в Витебской области
На пасяджэнні пастаяннай камісіі абласнога Савета дэпутатаў па пытаннях прамысловасці, транспарту, развіцця будаўнічага комплексу, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадаркі разгледзелі ход выканання Інвестыцыйнай праграмы Віцебскай вобласці.
 

Як падкрэсліў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі, у інвестпраграму ў першую чаргу ўключаюцца сацыяльна значныя аб'екты, якія максімальна задавальняюць патрэбы жыхароў Віцебскай вобласці.

Прыярытэтныя напрамкі – нарошчванне аб'ёмаў жыллёвага будаўніцтва, стварэнне інфраструктуры.

На выкананне ўсіх паступіўшых заявак на ўключэнне фінансавання будаўніцтва аб'ектаў у рамках абласной інвестыцыйнай праграмы на 2018 год спатрэбілася б каля 600 млн руб., з іх для завяршэння ўжо пачатых раней – больш за 400 млн. А выдзелена было толькі 72,6 млн. На жаль, на ўсе патрэбы сродкаў не хапае.

– Улічваючы, што адной з асноўных задач з'яўляецца скарачэнне аб'ёмаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва, а таксама прымаючы пад увагу недастатковы аб'ём сродкаў, было прынята рашэнне накіраваць іх на фінансаванне сацыяльна значных пераходных і аб'ектаў з высокай ступенню гатоўнасці для ўводу іх у эксплуатацыю ў 2018-м і наступныя гады. Уключэнне ў інвестыцыйную праграму новых аб'ектаў не прадугледжана, – адзначыў Аляксандр Шыдлоўскі.

Больш за палову сродкаў абласнога бюджэту і рэспубліканскіх субвенцый, а гэта 42,2 млн руб., было накіравана на жыллёва-камунальную гаспадарку і жыллёвае будаўніцтва, у тым ліку на стварэнне інжынерна-транспартнай інфраструктуры, новых вулічных размеркавальных газаправодаў, на рэалізацыю падкараграмы «Чыстая вада».

Дарэчы, як заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Юрый Дзядзёла, праведзеная праца дазволіла забяспечыць 90,5% спажыўцоў Віцебскай вобласці якаснай пітной вадой. Плануецца, што ў гэтым годзе гэты паказчык вырасце больш чым на 4%.

– З 22 аб’ектаў водазабеспячэння праектаванне і будаўніцтва дзесяці вялося за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Да 2020 года будзе ўведзена 91 станцыя абезжалезвання, восем населеных пунктаў падключаць да цэнтралізаваных сетак водазабеспячэння, – сказаў Юрый Дзядзёла.

У планах таксама будаўніцтва ачышчальных збудаванняў у Мёрах і Дзісне, перакідка сцёкавых вод Копысі на ачышчальныя збудаванні Оршы, Балбасава – Барані.

У мінулым годзе пачалася рэканструкцыя пуцеправода «Полацкі» у Віцебску, на першым этапе было выдзелена фінансаванне ў суме 274,1 тыс. рублёў, асвоена 79,6 тыс. Усяго ж на гэтыя работы неабходна не менш за 100 млн.

Частка сродкаў паступіць з рэспубліканскага бюджэту, прапрацоўваецца пытанне аб банкаўскім крэдыце. Гэты аб’ект надзвычай важны для абласнога цэнтра, як і многія іншыя, уключаныя ў інвестпраграму.

У прыватнасці, у спісе першачарговых былі дзіцячы сад і сярэдняя школа ў віцебскім мікрараёне Білева. З абласнога бюджэту, у прыватнасці, фінансаваліся будаўніцтва і рэканструкцыя корпуса №2 абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера, цэнтральнай раённай бальніцы ў Мёрах, тэрапеўтычнага корпуса гарадской бальніцы №1 ім. Семашкі ў Оршы, залы для скачкоў на батуце ў Віцебску, лядовай пляцоўкі і лядовага палаца ў Наваполацку, Свята-Духава жаночага манастыра ў Віцебску.

Па галінах, не лічачы ЖКГ і жыллёвага будаўніцтва, бюджэт размяркоўваўся наступным чынам: фізічная культура і спорт – 19,9 млн руб., ахова здароўя – 9,4 млн, агульнадзяржаўная дзейнасць – 0,8 млн, адукацыя – 0,2 млн, культура – 0,03 млн рублёў, сельская гаспадарка – 0,03 млн.

– Нягледзячы на адсутнасць у дастатковым аб’ёме сродкаў, у вобласці захавалася фінансаванне сацыяльна арыентаваных, а таксама аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры да раёнаў жылой забудовы, – падвёў рысу старшыня пастаяннай камісіі аблсавета па пытаннях прамысловасці, транспарту, развіцця будаўнічага комплексу, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадаркі Аляксандр Капшуль.

Дэпутаты ў прынятым пастанове зрабілі акцэнт на эфектыўнае і рацыянальнае выкарыстанне сродкаў абласнога бюджэту.

"Віцебскія весці".