Бюсты Быкаву і Барадуліну адкрылі ва Ушачах
Бюсты з'явіліся дзякуючы ахвяраванням прыхільнікаў беларускіх класікаў. Арганізаваў збор сродкаў і курыраваў увесь праект мінчанін Глеб Лабадзенка. У выніку людзі ахвяравалі больш за Br27 тыс. Аўтарамі помнікаў-бюстаў сталі скульптары Ігар Зосімаў і Аляксей Сарокін, архітэктар Віктар Карака.
Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін былі сябрамі па жыцці. Выгадаваныя адной зямлёй, яны выбралі шлях у літаратуру, адзін аднаго добра разумеючы. Дуэт беларускіх класікаў быў цікавы не толькі аповедамі аднаго і вершамі другога, але і ў эпісталярным жанры. Літаратурныя помнікі іх дружбе сталі сумесныя кнігі "Лісты ў Хельсінкі" (2000), "Калі рукаюцца душы... Паэзія з прозай" (2003), "Дажыць да зялёнай травы..." (2008). Іх перапіска паказвае цёплыя ўзаемаадносіны двух талентаў, самаіронію даўніх сяброў, прыадкрывае невядомыя старонкі жыцця і драматычнага часу, у якім класікі жылі і стваралі літаратуру нягледзячы ні на што.
Падчас адкрыцця бюстаў старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Аўдошка падзякаваў усім, хто ахвяраваў грошы і рэалізаваў гэты праект. Ён расказаў, што бюсты Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну - пачатак будучай алеі вядомых землякоў. Улады маюць намер усталяваць скульптуры пісьменніку Петрусю Броўку, паэтцы Еўдакіі Лось, акцёру Генадзю Гарбуку. "Мусіць, мы самы паэтычны куток Беларусі, і мы заўсёды гэтым ганарыліся. Васіль Быкаў прайшоў Вялікую Айчынную вайну і паказаў жорсткую, але праўдзівую вайну ў сваіх творах. Ён вядомы ва ўсім свеце. Тое ж самае можна сказаць пра Рыгора Барадуліна. Яго вершы разабраны на цытаты. Вершы, якія пачулі ў школе, немагчыма забыць. Абодва літаратары - людзі з вялікай літары", - сказаў кіраўнік раёна.
Уладзімір Аўдошка дадаў: у Год народнага адзінства сімвалічна, што ва Ушачах з'явіліся бюсты вядомым землякам. Няважна, хто мы па ўзросце, полу, веравызнанні ці палітычных поглядах, усе з вялікай павагай ставімся да творчасці літаратараў, падкрэсліў ён.
Адзін са спонсараў, дырэктар прыватнага прадпрыемства і ўраджэнец раёна Сяргей Фамін адзначыў, што калі ўзнік праект, то з задавальненнем дапамог яму. Для ўшачан важна выказаць праз бюсты падзяку землякам. "Калі бачу вынік, пачуцці перапаўняюць", - сказаў ён.
Пасля адкрыцця бюстаў у сядзібе-музеі Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі прайшлі літаратурныя сустрэчы напярэдадні дня нараджэння пісьменніка.
Васіль Быкаў (1924-2003) і Рыгор Барадулін (1935-2014) нарадзіліся ва Ушацкім раёне. Першы з'явіўся на свет у вёсцы Бычкі, другі - на хутары Верасоўка, пасля яго ліквідацыі ў 1937 годзе сям'я паэта пераехала ва Ушачы. Рыгор Барадулін пахаваны на могілках у самім гарпасёлку, Васіль Быкаў - на Усходніх могілках Мінска. Абодва літаратары - ганаровыя грамадзяне Ушацкага раёна.