Б.Камароўскі пасля ўрачыстасцей у Маскве вылецеў на радзіму з Віцебска

10 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Словы падзякі на адрас беларускай дзяржавы за разуменне і падтрымку ў сувязі з трагедыей пад Смаленскам зноў прагучалі ў віцебскім аэрапорце з вуснаў афіцыйных асоб Рэспублікі Польшча. Позна ўвечары 9 мая дэлегацыя на чале са спікерам Сейма, выканаўцам абавязкаў прэзідэнта Польшчы Браніславам Камароўскім вылецела з Віцебска на радзіму, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Дэлегацыя Польшчы прымала ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды 65-й гадавіны Перамогі ў Маскве, а пасля гэтага накіравалася ў Смаленск, каб ушанаваць памяць загінулых у авіякатастрофе 10 красавіка. Злятаць на радзіму было вырашана з тэрыторыі Беларусі - з аэрапорта Віцебск, растлумачыў журналістам часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Вітольд Юраш. Беларускі бок стварыў усе ўмовы для прыёму і арганізацыі вылету польскай дэлегацыі. "Я магу толькі паўтарыць тое, што наш выканаўца абавязкаў прэзідэнта, спікер Браніслаў Камароўскі сказаў сёння губернатару Віцебскай вобласці: "Мы ўдзячныя, вельмі ўдзячныя". Не ў першы раз аказваецца такая дапамога. У дзень, калі здарылася катастрофа, у гэтым жа аэрапорце прызямляўся самалёт нашага прэм'ер-міністра. Тады мы таксама атрымалі дапамогу і ўсялякае садзейнічанне. Думаем, што часам беларускі бок выходзіць за рамкі ўласных правіл, каб нам дапамагчы. Дзякуй", - шчыра падзякаваў Вітольд Юраш. На яго думку, вельмі сімвалічна, што ў дзень святкавання Перамогі тры братнія народы зноў аказалі падтрымку адзін аднаму. Беларускі бок прадаставіў польскай дэлегацыі, у складзе якой было каля 60 чалавек, у тым ліку Войцех Ярузельскі, Анджэй Вайда, высокапастаўленыя дзяржаўныя чыноўнікі, прадстаўнікі грамадскасці, журналісты, камфартабельныя аўтобусы і машыны, якія ў суправаджэнні аўтамабіляў ДАІ і хуткай дапамогі даставілі іх ад мяжы Расійскай Федэрацыі ў Віцебск. Мытныя і памежныя працэдуры ў аэрапорце былі максімальна спрошчаны і прайшлі менш чым за гадзіну. За гэты час госці паспелі адпачыць, для іх было арганізавана харчаванне. Аэрапорт "Віцебск", нягледзячы на выхадны дзень, працаваў у штатным рэжыме. Па словах начальніка Віцебскай філіяла РУП "Белаэранавігацыя" Сяргея Рурыса, аэрапорт не ў першы раз прымае самалёты класа асоба ахоўваемых асоб, таму дзеянні спецыялістаў адлажаны і вяліся ў рамках інструкцый.-0-