Дзякуючы конкурсу эсэ беларускія студэнты і выкладчыкі пабывалі ў Вільні і параўналі працэс навучання ў ВНУ дзвюх краін

Удзельнікам творчага спаборніцтва, якое стартавала яшчэ ў сакавіку па ініцыятыве моладзевай арганізацыі «Student Network», прапанавалі выказаць ідэі па павышэнні якасці вышэйшай адукацыі ў нашай рэспубліцы: абазначыць існуючыя праблемы, знайсці рэальныя, дастаткова лёгка рэалізуемыя шляхі іх вырашэння і спрагназаваць далейшае развіццё сітуацыі. З 60 работ, дасланых на конкурс (дарэчы, каля паловы з іх — на англійскай мове), былі выбраны 15 лепшых. Узнагародай для іх аўтараў стала аплачаная арганізатарамі паездка ў Літву. У ліку пераможцаў апынулася і прадстаўніца Віцебшчыны — старшы выкладчык кафедры філасофіі ВДУ імя П. Машэрава Яўгенія Далімаева.

Якія ж карысныя ідэі, на яе думку, можна было б увасобіць у жыццё ў ВНУ ў бліжэйшы час пры мінімальных выдатках? Яны простыя, як усё геніяльнае. Напрыклад, Яўгенія Алегаўна закранула ў эсэ пытанне павышэння прэстыжу вышэйшай адукацыі і матывацыі студэнтаў на атрыманне больш грунтоўных ведаў: «Я б прапанавала выдаваць дыпломы з замацаванымі ўкладышамі, у якіх зафіксаваны ўзровень акадэмічнай паспяховасці, каб наймальнік адразу бачыў, якога «якасці» малады спецыяліст прыйшоў уладкоўвацца на працу». Сярод іншых мер — тыя, што дапамогуць любому чалавеку вучыцца і ўдасканальвацца: авалоданне тэхнікай хуткага чытання, выпрацоўка навыкаў слепага дзесяціпальцавага набору тэксту, увядзенне абавязковага курса рыторыкі (каб у далейшым не адчуваць цяжкасцей, напрыклад, пры сустрэчы з патэнцыйным наймальнікам і падчас прэзентацыі сваіх дасягненняў), а таксама заняткаў, накіраваных на паляпшэнне ўвагі, памяці, уяўлення.

Журы высока ацаніла дадзеныя ідэі, і ў траўні Яўгенія Далімаева разам з астатнімі пераможцамі конкурсу адправілася ў Вільнюс. Там беларусы

пабывалі на некалькіх семінарах, а яшчэ на свае вочы ўбачылі, як арганізавана навучанне ў Літве і чым яно адрозніваецца ад нашага.

— У першую чаргу ўзнімалася тэма фарміравання студэнцкага самакіравання як аднаго з неабходных элементаў далучэння Беларусі да Балонскага працэсу (нагадаем, што гаворка ідзе пра збліжэнне і гарманізацыю сістэм вышэйшай адукацыі краін Еўропы з мэтай стварэння адзінай прасторы вышэйшай адукацыі. — Заўв. аўт.). У нас моладзь пакуль недастаткова удзельнічае ў розных аспектах жыцця ВНУ. А асноўнай структурай, якая аб'ядноўвае дадзеную катэгорыю насельніцтва і дзейнічае пад патранажам дзяржавы, з'яўляецца БРСМ. У Літве сітуацыя іншая. Перад намі выступалі і распавядалі пра сваю дзейнасць прадстаўнікі розных студэнцкіх арганізацый, якія ўзніклі па ініцыятыве саміх хлопцаў, — падзялілася ўражаннямі Яўгенія Алегаўна. — Значная частка абмену інфармацыяй ішла на англійскай мове. Што пры гэтым парадавала — амаль усе члены нашай групы, куды ўваходзілі пераможцы, прызёры і арганізатары конкурсу, свабодна мелі зносіны без сінхроннага перакладу і задавалі пытанні.

Дарэчы, большасць літоўцаў, якія выступалі, прадэманстравала веданне некалькіх замежных моў, адзначыла Яўгенія Далімаева. Валоданне дзвюма-трыма ў Еўропе лічыцца нормай для чалавека, які скончыў ВНУ. Наша краіна таксама робіць пэўныя крокі ў гэтым напрамку, нават у школе ўведзены адпаведны абавязковы экзамен, але да ўзроўню Захаду нам яшчэ трэба расці.

А вось у чым еўрапейцы прайграюць, так гэта ў сістэмнасці і грунтоўнасці адукацыі. Для навучання ў адпаведнасці з Балонскім працэсам характерна фрагментарнасць. Гэта значыць, што ў першыя два гады ў многіх заходніх ВНУ студэнт можа выбіраць асобныя курсы па філасофіі, культуралогіі і г.п., а ў выніку ён многае даведаецца, напрыклад, пра погляды Сакрата, але не будзе нават падазраваць пра існаванне Шапенгаўэра.

— У выніку пакутуе акадэмічная, фундаментальная падрыхтоўка, — кажа Яўгенія Алегаўна.

Нямала цікавага беларусы вынеслі з экскурсіі па Вільнюскім універсітэце.

— Балонскі працэс прадугледжвае максімальную самастойнасць студэнтаў. У аўдыторыях яны праводзяць толькі 30% усяго навучальнага часу. Астатняе — гэта пошук неабходнай інфармацыі ўласнымі сіламі і выкананне навучальных заданняў, — патлумачыла Яўгенія Далімаева. — Бібліятэка ў Віленскім універсітэце адкрыта кругласутачна, і нават у 2-3 гадзіны ночы яна не пустуе, там займаюцца студэнты, якія рыхтуюць уласныя праекты. Пры гэтым калі ў нашых рабят па тры-чатыры пары штодзённа, там — адна-дзве. Далей веды яны здабываюць самі, што робіць іх менш пасіўнымі і вучыць пісьменна планаваць працу.

Можна было б яшчэ доўга распавядаць пра ўражанні канкурсантаў і заўважаныя імі адрозненні ў тэхнічным забеспячэнні ВНУ, нагрузцы як студэнтаў, так і выкладчыкаў, ступені ініцыятыўнасці моладзі. Аднак колькі ні разважай, у любой сістэме адукацыі знойдуцца свае моцныя і слабыя бакі. І што ў перспектыве акажацца найбольш эфектыўным для Беларусі, пакажа час.

Лілія Іўчанка, «Віцебскія весці».