Падзяка Прэзідэнта Беларусі абвешчана 10 грамадзянам
30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 29 верасня сваім распараджэннем аб'явіў Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 10 грамадзянам краіны, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
За шматгадовую плённую вытворчую і навуковую дзейнасць Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена рэктару Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Аляксандру Сладкову.
Начальнік галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Дарашкевіч удастоены Падзякі Прэзідэнта за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў.
За дасягненне высокіх спартыўных вынікаў, значны ўклад у забеспячэнне паспяховага выступлення беларускіх спартсменаў-інвалідаў на X зімовых Параалімпійскіх гульнях 2010 года ў Ванкуверы (Канада), плённую дзейнасць па развіцці фізічнай культуры і спорту сярод інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь Падзякай Прэзідэнта адзначаны 8 чалавек. Сярод іх лекар функцыянальнай дыягностыкі Рэспубліканскага цэнтра спартыўнай медыцыны Ірына Кузьміна, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Беларусі па інваспорце Дзмітрый Лобан, настаўнік па спорце Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Сяргей Някрасаў.-0-