Падзякі адораным дзецям і іх педагогам прагучалі на галоўнай ёлцы Прыдзвіння

Найлепшыя школьнікі Прыдзвіння на абласным дабрачынным свяце ў Віцебску атрымалі зарад чароўных сіл для новых здзяйсненняў.

"Зімовыя канікулы дораць нам калядныя і навагоднія святы, пах елкі, упрыгожанай гірляндамі і прыгожымі цацкамі, падарункі. Тут сёння сабраліся самыя лепшыя. Тыя, хто сваёй працай і вучобай праслаўляе сябе і сваю сям'ю, нашу вобласць, Рэспубліку Беларусь", - прывітаў гасцей намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў.

Галоўная ёлка рэгіёну сабрала ў канцэртнай зале "Віцебск" каля 1 тыс. школьнікаў з розных куткоў вобласці: выдатнікаў вучобы, пераможцаў прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў. І, вядома, запрашэнне атрымалі дзеці-сіраты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, выхаванцы інтэрнатных устаноў, дзеці-інваліды, дзеці з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў, сем'яў бежанцаў і іншых катэгорый, якія маюць патрэбу ў дадатковай увазе і падтрымцы.

"Сёння, каб быць адукаваным чалавекам, недастаткова ўмець толькі чытаць і пісаць. Трэба авалодаць і эканамічнай граматнасцю, і экалагічнай, і камп'ютарнай, і прававой. І тут на дапамогу прыходзяць педагогі, чый уклад неацэнны. Дзякуючы вам 104 хлопчыкі і дзяўчынкі нашай вобласці сёлета сталі стыпендыятамі фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Прыемна, што 80 нашых дзяцей сталі пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды па розных прадметах", - адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама. - Хацеў бы выказаць надзею, што надыходзячы 2016 год будзе для ўсіх вас поўны аптымізму, радасці і здароўя".

Дзеці сталі гледачамі інтэрактыўнага мюзікла "Чараўніцтва краіны Оз", падрыхтаванага цэнтрам культуры "Віцебск", пагутарылі за святочным сталом і, вядома, атрымалі навагоднія падарункі. Як заўважыла адна з гасцей з Полацка, вучаніца гімназіі №1 Марыя Якімава, якая ўпершыню трапіла на такое мерапрыемства, у любым узросце гэтае свята застаецца самым доўгачаканым, таму што дорыць надзею і веру ў чараўніцтва.

Педагог Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Віцебска Марына Бараноўская дадала, што вера ў цуды і саміх дзяцей ператварае ў чараўнікоў, здольных здзіўляць, дасягаць неверагодных вяршынь, падаваць прыклад іншым. Абласное свята з'яўляецца адной з галоўных падзей рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" ў рэгіёне. У мерапрыемствах акцыі прымаюць удзел прадстаўнікі аблвыканкама і яго падраздзяленняў, гар- і райвыканкамаў, адміністрацый раёнаў у Віцебску, мясцовых Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў. Службовыя асобы наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апекунскія і прыёмныя сем'і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы. Кіраўнікі мясцовых органаў улады віншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі, уручаюць падарункі, аказваюць дапамогу ў вырашэнні праблем. Акцыя "Нашы дзеці" праходзіць у Беларусі з 10 снежня 2015 года па 10 студзеня 2016-га.

Кацярына Князева, БЕЛТА.