Узнагародай Д. Мядзведзева адзначаны трое ветэранаў Віцебскай вобласці

11 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Граматы з падзякай Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Мядзведзева урачыста ўручаны сёння тром ветэранам Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

За плённую працу па ўмацаванні супрацоўніцтва паміж ветэранскімі арганізацыямі Расіі і Беларусі адзначаны старшыня Віцебскага абласнога савета грамадскага аб'яднання ветэранаў Генадзь Герасімовіч, яго намеснік Уладзімір Цецоха і старшыня камітэта ветэранаў вайны гэтага аб'яднання Анатоль Коўзель. Ганаровыя граматы ўручыў віцэ-консул пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Васкрэсенскі. "Гэта прыемная і ганаровая місія, бо ўсе мы выйшлі з адной краіны", - сказаў ён, уручаючы ўзнагароды.

Узнагароджанне прымеркавана да 50-гадовага юбілею Кургана Дружбы ў Верхнядзвінскім раёне на мяжы трох дзяржаў (насыпаны ў 1959 годзе ў гонар баявога садружнасці партызан і падпольшчыкаў, тады ж адбылася першая сустрэча ветэранаў Беларусі, Расіі, Латвіі), да 65-годдзя Перамогі і 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "Акрамя таго, гэта плённая і пастаянная праца, мэта якой - аддаць даніну павагі ветэранам і ўдзельнікам вайны", - дадаў віцэ-консул.

Аляксандр Васкрэсенскі таксама паведаміў, што прывёз больш за 200 медалёў для жыхароў Віцебшчыны, якія ў гады вайны былі жыхарамі блакаднага Ленінграда. У бліжэйшы час яны будуць уручаны адрасатам прадстаўнікамі мясцовых органаў улады.

Падзяку за высокую ўзнагароду ад імя ўзнагароджаных ветэранаў выказаў старшыня абласной арганізацыі ветэранаў Генадзь Герсімовіч. "Гэта ўзнагарода ўсяму ветэранскаму актыву Віцебскай вобласці", - падкрэсліў ён, адзначыўшы, што апошнія дзесяць гадоў супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх ветэранскіх арганізацый пастаянна мацнела і пашыралася. "За гэты час агульнымі намаганнямі праведзена мноства сустрэч і мерапрыемстваў. Нашаму яшчэ больш цеснаму збліжэнню спрыялі спробы прынізіць уклад савецкага народа ў Вялікую Перамогу", - сказаў ён.-0-