Благадатны агонь ад Труны Гасподняй будзе дастаўлены ў Свята-Успенскі кафедральны сабор Віцебска

Благодатный огонь от Гроба Господня будет привезен в Свято-Успенский кафедральный собор Витебска

У рэзідэнцыі архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная святу Васкрэсення Хрыстова. Кіраўнік епархіі падзяліўся ўражаннямі ад наведвання Святой Зямлі: напярэдадні ён вярнуўся з Іерусаліма, дзе з групай святароў з Расіі сустракаў Вербніцу.

– Перадвелікодныя дні ў Іерусаліме адчуваюцца асабліва. Раней мне даводзілася бываць у храме Труны Гасподняй і бачыць сыходжанне дабратворнага агню, калі ўсё вакол напаўняецца боскім святлом. Невыпадкова Вялікдзень называюць святам святаў, урачыстасцю ўрачыстасцяў, – адзначыў уладыка.

Дабратворны агонь ад Труны Гасподняй будзе прывезены ў Віцебск у ноч з 11 на 12 красавіка, да пачатку велікоднай Боскай літургіі ў кафедральным саборы Успення Прасвятой Багародзіцы, дзе службу ўзначаліць архіепіскап Дзімітрый. Пазней агонь даставяць ва ўсе храмы епархіі. Раніцай у дзень свята набажэнствы пройдуць ва ўсіх 38 храмах абласнога цэнтра, у 22 з іх урачыстыя службы адбудуцца ў велікодную ноч.

Традыцыйна ў Віцебску адбудзецца Велікодны фестываль, які ўключае выставы дзіцячай творчасці, святочныя прадстаўленні, падрыхтаваныя выхаванцамі нядзельных школ. Маладзёжны праваслаўны клуб «Сінаксис» запрашае ўсіх жадаючых на святкаванне Вялікадня, якое адбудзецца 12 красавіка а 14.00 ля цэнтральнага ўваходу ў віцебскі храм Васкрэсення Хрыстова. У праграме – велікодныя спевы, забавы для дзяцей і дарослых і многае іншае.

Святары наведаюць Вялікалетчанскі дзіцячы дом, бальніцы, месцы зняволення. Увесь велікодны тыдзень будзе працягвацца дабрачынны марафон па зборы сродкаў на адраджэнне Свята-Багаяўленскага Куцеінскага мужчынскага манастыра. Сёлета ўжо плануецца пабудаваць надбрамную званіцу. Паралельна будзе весціся падрыхтоўка дакументаў па ўзвядзенні брацкага корпуса і трапезнага храма. Сканчэннем работ, якія разлічаны на 9 гадоў, стане аднаўленне Багаяўленскага сабора.

Архіепіскап Дзімітрый паказаў чарцяжы будучага Сафійскага храма, дазвол на яго праектаванне атрыманы ад кіраўніка дзяржавы. Пацвярджэннем уладыкі, царква ў імя мудрасці Божай стане духоўнай жамчужынай, якая аб'ядноўвае праваслаўны люд славянскіх краін.

Архіепіскап падкрэсліў важнасць духоўнага выхавання падрастаючага пакалення. Нядаўна зацверджана новая праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквой на 2015-2020 гады, аналагічны дакумент у найбліжэйшы час будзе падпісаны паміж Віцебскай епархіяй і аблвыканкамам.

Напрыканцы ўладыка пажадаў усім сустрэць светлае свята добрымі справамі і чыстымі думкамі.

Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"