Дабрачынны футбольны матч для выхаванцаў дзіцячага дома прайшоў у Віцебску

Спартыўнае свята для падлеткаў адбылося ў футбольным манежы ФК «Віцебск». Яго асноўнай падзеяй стаў таварыскі матч паміж вучнямі Акадэміі футбола ФК «Віцебск» і выхаванцамі дзіцячага дома Віцебска. У мерапрыемстве прыняў удзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, і іншыя госці.

Як адзначыў Анатоль Канстанцінавіч, ідэя такога свята належыць выхаванцам дзіцячага дома.

- Калі я наведваў дзіцячы дом Віцебска, хлопцы мне расказалі пра сваю мару – сустрэцца з Аляксандрам Глебам (знакамітым беларускім футбалістам), - паведаміў Анатоль Ліневіч. – На жаль, у яго не атрымлівалася прыехаць. І тады пры зносінах са старшынёй Беларускай федэрацыі футбола мы вырашылі правесці зімой у Віцебску такое свята. Спадзяюся, многія хлопцы запомняць гэты дзень, як дзень чагосьці новага - калі адбыўся выдатны матч. Бо ў жыцці не так шмат знамянальных дат.

І хай са «зоркай» беларускага футбола нядаўняга мінулага выхаванцам дзіцячага дома сустрэцца не ўдалося, думаецца, наўрад ці яны засталіся расчараванымі. Бо хлопцы згулялі ў футбол у адной камандзе з лідарамі ФК «Віцебск» - галкіперам Дзмітрыем Гушчанкам і капітанам калектыву, абаронцам, Арцёмам Скітовым, а таксама маладым форвардам Захарам Чарвяковым.


Але спачатку дружыне, разбаўленай майстрамі, не хапала згуртаванасці. Пасля першага тайма Акадэмія футбола лідзіравала з лікам 3:0, у другой палове гульні – 4:2.

Але ў канцоўцы гульні выхаванцы дзіцячага дома змаглі аднавіць раўнавагу. У выніку гульня завяршылася з лікам 4:4 – перамагла дружба, як бы гэта банальна не гучала.

Пасля завяршэння матча адбыліся конкурсы футбольнага пенальці і па жонгліраванні мячом. У завяршэнні мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне пераможцаў. Таксама выхаванцы дзіцячага дома атрымалі падарункі ад беларускай федэрацыі футбола і ФК «Віцебск»: мячы, спартыўную форму і абутак, прысмакі і іншае.

- Гэта мерапрыемства вельмі важнае для выхаванцаў дзіцячага дома, - падкрэсліў для «Віцебскіх вестак» галоўны трэнер моладзевай зборнай Беларусі Сяргей Ясінскі. – Бо яны пазбаўлены бацькоўскага цяпла. І наша задача, як дарослых, усяляк ім гэта кампенсаваць. Такое мерапрыемства – клопат пра дзяцей, магчымасць зрабіць іх дзяцінства крыху весялей, шчаслівей, святочней. Таму гаворка тут не столькі пра папулярызацыю футбола, колькі пра чалавечнасць. Бо дзеці – гэта святое.