Дабрачынны канцэрт «Зямля бацькоў – зямля святая» у Віцебску (дапоўнена)

Благотворительный концерт "Земля отцов - земля святая" в Витебске (дополнено)

«Зямля бацькоў – зямля святая» – пад такой назвай у Віцебску прайшоў дабрачынны канцэрт, прысвечаны Году малой радзімы. Заробленыя ад продажу білетаў сродкі будуць накіраваны на добраўпарадкаванне і рэканструкцыю помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзіць такую акцыю напярэдадні «Славянскага базару» ўжо стала добрай традыцыяй. Ініцыятарам яе трэці год выступае самае творчае прадпрыемства – «Віцебскаблгаз», якое славіцца сваімі талентамі і здольна прадставіць цікавую відовішчную праграму.

Сведчанне таму – аншлаг у зале Летняга амфітэатра. Важна тое, што гледачы прыйшлі не толькі падтрымаць самадзейных артыстаў, але і ўнесці асабісты ўклад у добрую справу. На канцэрт было прададзена больш за 6 тыс. білетаў, зароблены 70 тыс. рублёў.

– Гэта салідная сума, якую прадстаўнікі розных прадпрыемстваў аддалі на рэканструкцыю і добраўпарадкаванне памятных месцаў, – падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці, выступаючы перад пачаткам канцэрта, адзначыў, што на тэрыторыі Віцебшчыны знаходзіцца больш за 1300 пахаванняў, абеліскаў, мемарыяльных комплексаў. Многія з іх узведзены ў 50-60-я гады мінулага стагоддзя.

– Аблвыканкам, аблсавет, мясцовыя ўлады робяць усё, каб падтрымліваць на іх парадак, але час няўмольны, і многія неабходна аднаўляць. За апошнія гады зроблена нямала ў гэтым напрамку. Не прайшло і двух гадоў, як мы ўрачыста адкрылі пасля рэканструкцыі мемарыял «Прарыў» ва Ушацкім раёне, заканчваюцца работы на мемарыяльным комплексе ў Расонах, на чарзе «Рыленкі» ў Дубровенскім раёне, – сказаў Уладзімір Церанцьеў.

Паралельна, адзначыў старшыня аблсавета, вядзецца праца па ўсталяванні імёнаў пахаваных на тэрыторыі вобласці абаронцаў Айчыны. На нашай зямлі спачывае больш за 400 тыс. воінаў, партызан і падпольшчыкаў, і толькі менш за палову прозвішчаў нанесены на абеліскі. Астатнія трэба будзе даведацца і ўвекавечыць.

Сёлета некалькі населеных пунктаў Віцебшчыны будуць адзначаць 75-годдзе вызвалення ад

немецка-фашысцкіх захопнікаў. Першым – Ліёзна, затым Сураж, Езярышча і Гарадок. Канцэрт-акцыя таксама даў старт святкаванню гэтых знамянальных дат.

Уладзімір Тэрэнцьеў, які таксама з'яўляецца старшынёй абласной арганізацыі РГА «Белая Русь», уручыў падзяку за асаблівы ўклад у развіццё рэспубліканскага грамадскага аб'яднання члену Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральнаму дырэктару УП «Віцебскаблгаз» Пятру Шэршаню. Дарэчы, пярвічная арганізацыя Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» УП «Віцебскаблгаз» з'яўляецца адной з шматлікіх пярвічных арганізацый у рэспубліцы.

– Мы хочам, каб жыхары вобласці, якія прыйшлі і прыехалі на канцэрт з розных раёнаў, адчулі не толькі цяпло, якое прыходзіць у дамы разам з прыродным газам, але і цеплыню сэрцаў, якую ўкладваюць у свае выступленні нашы калектывы і выканаўцы, – сказаў, прымаючы ўзнагароду, Пётр Шэршань.

І гледачы яе адчулі і дзякавалі артыстаў апладысментамі і кветкамі.












Тэкст газеты "Віцебскія весці". Фота БЕЛТА.