Добраўпарадкаваннем малой радзімы адзначаць 16-годдзе БРСМ у Віцебскай вобласці

Навядзеннем парадку на малой радзіме адзначаць 16-годдзе БРСМ у Віцебскай вобласці, паведамілі ў абласным камітэце арганізацыі.

Сёння спаўняецца 16 гадоў з дня ўтварэння найбуйнейшай моладзевай арганізацыі Беларусі - грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі". У гэты дзень моладзь Віцебскай вобласці далучыцца да рэспубліканскага праекта "#ЗаДело!", які заклікае кожнага маладога чалавека ўзяцца за справу, навядзеннем парадку на малой радзіме, зрабіць нешта важнае і карыснае.

У Першамайскім раёне Віцебска актывісты навядуць парадак на дзіцячай пляцоўцы і зробяць касметычны рамонт хакейнай каробкі па вуліцы Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, 5. У Браславе на тэрыторыі школы добраўпарадкуюць зону адпачынку, а ў Глыбокім закладуць памятную алею, прысвечаную 100-годдзю ВЛКСМ.

Падобныя акцыі пройдуць і ў іншых раённых цэнтрах паўночнага рэгіёна. У Кастрычніцкім раёне Віцебска больш за 30 маладых беларусаў далучацца да вялікай і дружнай сям'і БРСМ. У музеі Міная Шмырэва іх павіншуе і ўручыць білеты новага ўзору намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама (нядаўна ён узначальваў абласны камітэт моладзевай арганізацыі) Віктар Глушын.

За 16 гадоў існавання БРСМ стаў самым шматлікім моладзевым аб'яднаннем краіны і вядучай арганізацыяй рэспублікі ў рэалізацыі моладзевай палітыкі. Арганізацыя мае мноства традыцый моладзевага руху, якія аб'ядноўваюць тысячы людзей.

БелТА.