Багаяўленскі сабор у Полацку ў дар ад прыхажан атрымаў званы
18 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Багаяўленскі сабор у Полацку ў дар ад сваіх прыхажан атрымаў чатыры новыя званы. Сёння яны ўзняты на званіцу храма, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Полацкага гарвыканкама.
Усе чатыры званы - вага самага вялікага перавышае 800 кг, а самага маленькага ледзь дасягае 10 кг - былі адліты на добраахвотныя ахвяраванні вернікаў на адным з беларускіх прадпрыемстваў. Раней на званіцы было толькі тры званы. Цяпер, з усталяваннем новых, храм набыў поўны камплект з сямі званоў, і звановы звон будзе гучаць так, як і было задумана пры будаўніцтве сабора.
Характэрна, што сам Багаяўленскі сабор быў пабудаваны ў 1761-1779 гадах на ахвяраванні гараджан. Некалі царква была часткай мужчынскага Багаяўленскага манастыра - цэнтра праваслаўя ў Полацку. У XVII стагоддзі пры манастыры існавала брацкая школа, у якой выкладаў Сімяон Полацкі. У корпусе манастыра, які захаваўся да нашых дзён, размяшчаюцца музей-бібліятэка Сімяона Полацкага і адзіны ў Беларусі музей кнігадрукавання. Багаяўленскі храм у 1981 годзе быў адрэстаўраваны, і тут знаходзілася гарадская карцінная галерэя. У 1991 годзе царква вернута вернікам.-0-