Баі розумаў

Стартаваў адкрыты кубак Віцебскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» па інтэлектуальных гульнях 2012-2013. Хто трапіць у «вышэйшую лігу» эрудытаў?

У цэлым, спаборніцтва прадугледжвае шэсць тураў, першы з якіх адбыўся на базе Віцебскага філіяла Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі. У інтэлектуальныя баі ўступілі 17 каманд, у асноўным навучэнская, студэнцкая і працоўная моладзь абласнога цэнтра. Да віцябчан далучыліся і полаўцы – дзве каманды прадставіў ПДУ. Усім удзельнікам трэба было змагацца ў чэмпіянаце па гульні «Што? Дзе? Калі?» і ў каманднай версіі «Свая гульня».  


У выніку аказалася, што адказы на ўсе пытанні ведае працоўная моладзь са зборнай каманды «Штандарт», якая перамагла ў спаборніцтве. Другую пазіцыю заняла зборная «Неа», а вось на трэцім месцы апынуліся студэнты ВДМУ – «Камарылья». Дарэчы, у межах кубка БРСМ адбыўся і першы тур студэнцкага чэмпіянату, у якім якраз будучыя медыкі вышэйназванай каманды і сталі пераможцамі. 

Але на гэтым гульні розуму не сканчаюцца. Аж да красавіка наступнага года будуць разыграны астатнія туры Кубка, чарговы прызначаны на 1 снежня. Арганізатары марафону – упраўленне адукацыі і аддзел па справах моладзі аблвыканкама, абкам ГА «БРСМ» і інтэлектуальны клуб «Віцебск» – мяркуюць такім чынам і надалей падтрымліваць маладзёвыя ініцыятывы, прывіваць юнаму пакаленню імкненне да ведаў.     


Наталля РЫЖКОВА,«ВР»