БАЧК распрацуе стратэгію дзейнасці да 2016 года з улікам выклікаў сучаснасці
3 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) прыступіла да распрацоўкі стратэгіі дзейнасці арганізацыі да 2016 года. Аб гэтым паведаміў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, генеральны сакратар БТЧК Віктар Калбанаў. У Віцебску ён прымае ўдзел у пасяджэнні Прэзідыума абласной арганізацыі БТЧК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Стратэгія будзе грунтавацца на асноўных напрамках і прынцыпах дзейнасці Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа з улікам новых выклікаў і змен, якія адбыліся за апошнія гады ў сучасным свеце. "У канцы 2009 года на генеральнай асамблеі Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФ ТЧК і ЧП) была прынята новая стратэгія дзейнасці арганізацыі, усе змены і новаўвядзенні міжнароднай стратэгіі таксама будуць адлюстраваны ў нацыянальным дакуменце", - адзначыў Віктар Калбанаў. Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб неабходнасці ўлічваць у рабоце наступствы змены клімату, сітуацыі з міграцыяй, сацыяльныя праблемы, звязаныя з беспрацоўем, а таксама сусветны эканамічны крызіс. "Неабходна выбудоўваць новую стратэгію з улікам магчымасці паўтарэння крызісных з'яў у эканоміцы, каб лепш падрыхтавацца да рэагавання на іх наступствы", - сказаў Віктар Калбанаў.
Новыя напрамкі дзейнасці МФ ТЧК і ЧП будуць адаптаваны да беларускіх умоў і рэгіянальных асаблівасцей. Да ўдзелу ў распрацоўцы стратэгіі плануецца прыцягваць усе без выключэння арганізацыі БТЧК. Праца над дакументам павінна быць завершана ўжо ў гэтым годзе, прайсці ўзгадненне ў МФ ТЧК і ЧП, а праект дакумента прадугледжваецца прадставіць для абмеркавання грамадскасці. Зацвярджэнне новай стратэгіі пройдзе на з'ездзе БТЧК у 2011 годзе.-0-