Больш за 1 тыс. інвалідаў займаюцца фізічнай культурай і спортам у Віцебскай вобласці
9 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Больш за 1 тыс. людзей з абмежаванымі магчымасцямі займаюцца фізічнай культурай і спортам у Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.
Амаль ва ўсіх раёнах вобласці створаны ўмовы для бясплатных заняткаў інвалідаў. Стральба, лёгкая атлетыка, плаванне, настольны тэніс, міні-футбол, фехтаванне - далёка не поўны пералік відаў спорту, якімі захапляюцца гэтыя людзі. Паспаборнічаць у сваім майстэрстве яны могуць амаль у паўсотні спаборніцтваў, якія штогод праходзяць у рэспубліцы і вобласці. Каманда віцебскіх футбалістаў - інвалідаў па зроку стала пераможцам чэмпіянату Беларусі па міні-футболе і з'яўляецца ўдзельнікам чэмпіянату Еўропы. Спартсмены вобласці прымалі ўдзел у чэмпіянаце Еўропы і свету па лёгкай атлетыцы сярод інвалідаў па слыху. На XXI Дэфлімпійскіх гульнях (Сусветных гульнях глухіх), якія ў верасні бягучага года праходзілі ў Тайбэі (КНР), віцебская спартсменка Кацярына Белая заваявала 2 залатыя медалі па лёгкай атлетыцы ў складзе эстафеты.
Незвычайныя спартсмены і самі з'яўляюцца ініцыятарамі стварэння фізкультурных клубаў. Так, Мікалай Без'язычны - сярэбраны прызёр XIII Паралімпійскіх гульняў 2008 года ў Пекіне па фехтаванні з'яўляецца лідарам фізкультурна-аздараўленчага клуба "Праметей" асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў". Для спартсменаў арганізуюцца вучэбна-трэніровачныя зборы, а аднаўленчую рэабілітацыю яны праходзяць у абласным дыспансеры спартыўнай медыцыны.
Як лічаць у аблвыканкаме, заняткі спортам і фізкультурай з'яўляюцца адным са складнікаў шматграннага працэсу рэабілітацыі, сацыяльнай адаптацыі і фарміравання незалежнага ладу жыцця інвалідаў.-0-