Больш за 10% насельніцтва Беларусі пакутуе ад рэўматычных захворванняў - Мінздароўя

8 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 10% насельніцтва Беларусі пакутуе ад рэўматычных захворванняў, і гэтая лічба пастаянна расце. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы рэўматолаг Міністэрства аховы здароўя Мікалай Сарока сёння на Віцебскім абласным навукова-практычным семінары, прысвечаным пытанням, метадам дыягностыкі і лячэння захворванняў гэтай групы. Па словах Мікалая Сарокі, рост хворых з рознымі рэўматычнымі захворваннямі абумоўлены ў першую чаргу ладам жыцця сучаснага чалавека. "Маларухомы лад жыцця, залішняе харчаванне, малае ўжыванне малака і малочных прадуктаў сёння з'яўляюцца асноўнымі фактарамі, якія спрыяюць паражэнню костак і суставаў", - падкрэсліў спецыяліст. Ён таксама адзначыў, што з гадамі хвароба эвалюцыянавала, з'явілася шмат новых захворванняў. Гэта сістэмныя хваробы злучальнай тканкі, сістэмныя васкуліты, метабалічныя хваробы. Істотны прарыў у дыягностыцы і лячэнні гэтых і іншых рэўматычных захворванняў адбыўся ў апошняе дзесяцігоддзе. З'явіліся імуналагічныя метады дыягностыкі, якія дазваляюць паставіць правільны дыягназ пацыентам ужо на пачатковай стадыі развіцця хваробы. Для лячэння распрацаваны прынцыпова новы клас прэпаратаў - біялагічныя агенты, якія блакуюць толькі фактары, што ўплываюць на развіццё захворванняў. Мікалай Сарока таксама адзначыў, што адным з галоўных прыярытэтаў зацверджанай на IV Усебеларускім народным сходзе Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады з'яўляецца здароўе чалавека. "У Беларусі на мадэрнізацыю лячэбных устаноў накіроўваюцца значныя сродкі. У бліжэйшыя два гады плануецца завяршыць іх аснашчэнне. Такая ўвага да развіцця аховы здароўя дазваляе гаварыць аб тым, што неўзабаве беларуская медыцынская служба зможа дасягнуць еўрапейскага ўзроўню і ісці ў нагу", - упэўнены вядучы рэўматолаг Мінздава. -0-