Больш за 10 аддзяленняў плануецца адкрыць у цэнтрах сацабслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці ў 2014 годзе
Больш за дзесятак аддзяленняў плануецца адкрыць у тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) Віцебскай вобласці ў 2014 годзе, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Інга Глушонак.
У прыватнасці, аддзяленне адраснай сацыяльнай дапамогі трэба будзе адкрыць у ТЦСАН Докшыцкага, Бешанковіцкага і Віцебскага раёнаў, аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі - у ТЦСАН Чыгуначнага раёна Віцебска, аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых грамадзян - у Дубровенскім, Лепельскім, Талачынскім і Ушацкім раёнах. "Асноўнай нашай задачай на 2014 год з'яўляецца дынамічнае развіццё структуры цэнтраў. З гэтай мэтай у бягучым годзе ў кожным тэрытарыяльным цэнтры плануецца адкрыць новае структурнае падраздзяленне", - сказала Інга Глушонак.
Пашырэнне сеткі структурных падраздзяленняў ТЦСАН накіравана перш за ўсё на павелічэнне пераліку паслуг, што аказваюцца імі, і ўкараненне новых. У цяперашні час адной з самых запатрабаваных формаў сацабслугоўвання насельніцтва ў рэгіёне з'яўляецца абслугоўванне на даму. Толькі за 2013 год колькасць абслугоўваных на даму ўзрасла амаль на 700 чалавек і дасягнула 14 тыс. 262 грамадзян. Таксама карыстаюцца папулярнасцю паслугі сацыяльнага работніка, сацыяльнага патронату, у восеньска-зімовы перыяд - дамы зімоўкі і дамы сезоннага (сумеснага) пражывання. У аддаленых маланаселеных пунктах актуальная дапамога гаспадарчых брыгад і брыгад сацыяльнага абслугоўвання на мабільнай аснове.
На цяперашні час пры 25 тэрытарыяльных цэнтрах сацабслугоўвання насельніцтва рэгіёна функцыянуюць 144 аддзяленні рознага профілю. У тым ліку дзевяць з іх адкрыліся ў 2013 годзе. Усяго на ўліку ў ТЦСАН Віцебскай вобласці стаяць каля 240 тыс. чалавек, з іх больш за 20 тыс. - адзінокія пажылыя грамадзяне.
Вольга Багачова