Больш за 10 школ і дзіцячых садкоў абновяць у Віцебску да абласных «Дажынак-2020»
Будаўніцтва новай школы ў Білева. Фота з архіва "ВВ".
– Вызначаны 13 устаноў адукацыі, якія да восені наступнага года будуць абноўлены. Чатыры з іх – асноўныя. Гэта школы №№27, 28, 31, яслі-сад №36. Таксама буйныя праекты – новая школа №47 у мікрараёне Білева і гімназія №2, каля якой з'явіцца сучасны стадыён са штучным пакрыццём поля, спортпляцоўкі, гульнёвыя комплексы, – кажа Ігар Кіруценка. – На праектна-пошукавыя работы ўжо накіравана 93 тыс. рублёў. Вызначаны падрадныя арганізацыі. З кастрычніка на большасці аб'ектаў ідзе будаўніцтва. Хачу адзначыць, што, нягледзячы на вялікія аб'ёмы работ, бяспека навучэнцаў і санітарна-гігіенічныя нормы падчас навучальнага працэсу для нас у прыярытэце.
Сучаснымі вулічнымі спартыўнымі комплексамі-стадыёнамі ў наступным годзе таксама абзавядуцца гімназія №1, СШ №№27, 28, 31. Там з'явяцца не толькі пляцоўкі для гульні ў футбол, баскетбол і валейбол, трэнажоры, але і гульнёвыя зоны для груп прадоўжанага дня, заняткаў па ПДР.
Сумы, якія выдзяляюцца з бюджэту на будаўнічыя работы, значныя. Напрыклад, у СШ №27 плануецца замена даху і вокнаў, рамонт фасада, абнаўленне камунікацый. Два корпусы СШ №28, якая некалькі гадоў таму адзначыла паўвекавы юбілей, чакае капітальны рамонт з заменай інжынерных сетак. Абновіцца знешні выгляд, будзе добраўпарадкавана тэрыторыя, цалкам мадэрнізуецца басейн СШ №31.
Новыя вулічныя гульнёвыя комплексы з'явяцца ў дзіцячым садзе №36. Акрамя таго, кожная з пералічаных устаноў адукацыі прыкладна на 1 млн рублёў будзе аснашчана сучаснымі тэхнічнымі і электроннымі сродкамі навучання.
– Дзякуючы значным фінансавым укладанням да «Дажынак» узмоцніцца матэрыяльна-тэхнічная база шэрагу ўстаноў адукацыі горада, павялічыцца колькасць сучасных спартыўных пляцовак, – адзначыў Ігар Кіруценка. – Такім чынам, сістэма адукацыі горада будзе цалкам адпавядаць сучасным патрабаванням.
Абнаўленні школ і садкоў у Віцебску – далёка не ўсе маштабныя праекты, прымеркаваныя да абласных «Дажынак». Стаіць задача завяршыць рэканструкцыю пуцеправода «Полацкі», пабудаваць падземны пераход на скрыжаванні вуліцы Петруся Броўкі і праспекта Будаўнікоў, смеццесартавальны завод, добраўпарадкаваць цэнтральныя вуліцы і шэраг іншых аб'ектаў.