Больш за 10 тыс. членаў БРСМ Віцебскай вобласці прымуць удзел у акцыі да 65-годдзя вызвалення Беларусі
8 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 10 тыс. членаў Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ прымуць удзел у рэспубліканскай маладзёжнай акцыі "Маладосць. Традыцыі. Будучыня", прысвечанай 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным камітэце арганізацыі.
Працоўная акцыя будзе праходзіць з 10 красавіка па 1 мая. Маладыя людзі з усіх раёнаў і гарадоў вобласці маюць намер правесці ўборку лясных і паркавых зон, берагоў рэк і азёр, пасадзіць дрэвы, збіраць металалом і макулатуру, а таксама выконваць іншыя работы па добраўпарадкаванні розных аб'ектаў.
Камітэты БРСМ пералічаць заробленыя ў ходзе акцыі сродкі на рамонт, рэстаўрацыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, пахаванняў воінаў і мірнага насельніцтва тых часоў, а таксама на ўшанаванне памяці абаронцаў Айчыны. Акрамя таго, частку грошай плануецца накіраваць на аказанне дапамогі па дробным рамонце жылля ветэранаў ВАВ.
У цяперашні час завяршаецца работа па фарміраванні пераліку аб'ектаў, дзе будуць працаваць удзельнікі акцыі і на якія плануецца накіраваць заробленыя сродкі. -0-