Больш за 10 тыс. удзельнікаў аб'яднае акцыя "Беларусь - спартыўная краіна" у Віцебскай вобласці
1 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 10 тыс. чалавек прымуць удзел у рэспубліканскай спартыўна-маладзёжнай акцыі "Беларусь - спартыўная краіна", якая 2 снежня пройдзе ў Віцебскай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама.
Галоўнымі героямі адкрыцця свята ў паўночным рэгіёне стануць выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў Віцебскім раёне. Да іх у госці прыедуць з падарункамі прызёры Алімпійскіх гульняў Таццяна Стукалава і Ігар Каныгін. Затым эпіцэнтр святочных мерапрыемстваў перамесціцца ў абласны горад. Пройдзе сустрэча алімпійскага чэмпіёна Вячаслава Яноўскага і сярэбранага прызёра Алімпіяды-2008 Вадзіма Дзевятоўскага са студэнтамі віцебскіх ВНУ. Для работнікаў адукацыйных устаноў будзе арганізаваны семінар па алімпійскай адукацыі.
На працягу дня на розных пляцоўках абласнога цэнтра пройдуць паказальныя выступленні юных спартсменаў, якія змогуць навучыцца навыкам прафесійнага стаўлення да справы ў вядучых трэнераў і спартсменаў нацыянальных каманд падчас майстар-класаў па спартыўнай гімнастыцы, плаванні, хакеі з шайбай. Для малышоў з шматдзетных сем'яў будзе арганізавана спортландыя на базе сярэдняй школы №49.
Завершыцца акцыя канцэртна-забаўляльнай праграмай і спартыўна-эстрадным шоў у канцэртнай зале "Віцебск".
Усяго ў рамках акцыі ў Віцебскай вобласці пройдзе больш за 70 спартыўна-масавых мерапрыемстваў ва ўсіх раёнах.
Рэспубліканская спартыўна-маладзёжная акцыя "Беларусь - спартыўная краіна" праходзіць з 16 лістапада па 15 снежня бягучага года. Арганізатарамі акцыі выступаюць Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.-0-