Больш за 100 баксёраў з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі збярэ турнір у Віцебску

27 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 100 баксёраў збярэ ў Віцебску 27-29 сакавіка XIV Адкрыты рэспубліканскі турнір па боксе, прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі ў Афганістане. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. Удзельнікамі турніру стануць спартсмены з Украіны, розных рэгіёнаў Расіі і Беларусі, таксама чакаецца каманда баксёраў з Таліна (Эстонія). Віцебскую вобласць прадставяць спартсмены з абласнога цэнтра, Полацка, Наваполацка, Глыбокага, Оршы. Першы дзень турніру будзе прысвечаны памяці воінаў-афганцаў: баксёры ўскладуць вянок да помніка "Боль", ушануюць памяць загінулых і наведаюць размешчаны побач музей воінаў-інтэрнацыяналістаў. Непасрэдна спаборніцтвы па сістэме выбывання пачнуцца 28 сакавіка ў трох узроставых катэгорыях: юніёры 1996-1997 гадоў нараджэння, моладзь 1995 года нараджэння, дарослыя 1994 года нараджэння і старэйшыя. Пераможцы ў кожнай катэгорыі будуць узнагароджаны каштоўнымі прызамі, медалямі і дыпломамі 29 сакавіка. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама, Віцебская гарадская арганізацыя "Братэрства", Віцебская абласная федэрацыя бокса і інш.-0-