Больш за 100 чалавек прынялі ўдзел у абласной ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца. Паўночны рэгіён».

Более 100 человек приняли участие в областной военно-патриотической игре «Зарница. Северный регион»
Страявая падрыхтоўка, кіданне гранат, ваенізаваная эстафета – больш за 100 членаў Маладзёжных атрадаў аховы правапарадку і ўдзельнікаў ваенна-патрыятычных клубаў Віцебшчыны прыехалі на абласную ваенна-патрыятычную гульню «Зарніца. Паўночны рэгіён».


– Сёння мы знаходзімся на плацы праслаўленай 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. І нават ветраное надвор'е на абласной ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца. Паўночны рэгіён» стварае атмасферу паветрана-дэсантных войскаў. Магчыма, у далейшым хтосьці з юнакоў і дзяўчат звяжа прафесійны шлях з Узброенымі Сіламі, праваахоўнымі органамі або прыйдзе служыць у 103-ю брыгаду, – адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Вячаслаў Хрол. – Таксама варта адзначыць, што гэты год для нас знакавы. Гэта і 35-годдзе з дня вываду савецкіх войскаў з Рэспублікі Афганістан, 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ужо 1 мая адбудзецца абласная акцыя «Прарыў Перамогі» на ўшацкай зямлі і верне нас да падзей 1944-га, калі партызаны прарывалі ворагаўскую блакаду, выратавалі вялікую колькасць мірных жыхароў. Таму ўдзельнікам гульні хочацца пажадаць заўсёды заставацца патрыётамі сваёй краіны.

Пасля страявой падрыхтоўкі на плацы юнакам і дзяўчатам з 20 каманд трэба будзе змагацца ў кіданні гранаты на дакладнасць, бегу на 1 тыс. м, падцягванні на перакладзіне. Зрэлішчнымі стануць спаборніцтвы ў разборцы і зборцы аўтамата Калашнікава, аказанні першай дамедыцынскай дапамогі «пацярпеламу», транспарціроўцы «раненага» і іншым.

У складзе каманды Полаччыны ўпершыню паспрабаваць свае сілы прыехаў Андрэй Раманаў.

– У нашай камандзе сем хлопцаў з аграрна-тэхнічнага каледжа і Ветрынскай СШ імя Д. Цябута Полацкага раёна. За час падрыхтоўкі да гульні паспелі падцягнуць страявую падрыхтоўку, фізічную сілу, спрабавалі страляць, збіраць і разбіраць аўтамат, – распавёў Андрэй Раманаў. – Настроены мы сур'ёзна, таму прыйшлі за перамогай і зарадзіцца пазітывам.

Арганізатарамі гульні выступаюць абкам БРСМ пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама, 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, Віцебскай абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"