Больш за 100 адзінак зброі канфіскавана за пяць дзён у ходзе аперацыі "Арсенал" у Віцебскай вобласці
14 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 100 адзінак зброі канфіскавалі супрацоўнікі міліцыі ў Віцебскай вобласці падчас правядзення актыўнай фазы аперацыі "Арсенал" з 9 па 13 сакавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама.
Сярод выведзенай з незаконнага абароту зброі больш за 20 адзінак былі незарэгістраваныя, у тым ліку 4 адзінкі наразной зброі. Таксама канфіскавана амаль 300 адзінак боепрыпасаў і 1 кг пораху. Сярод канфіскаванага апынулася і рарытэтная зброя - пісталет сістэмы Лефош узору сярэдзіны XIX стагоддзя, які знаходзіцца ў працоўным стане.
У выніку праведзенай растлумачальнай работы грамадзяне добраахвотна здалі каля 120 адзінак зброі, у тым ліку амаль 50 незарэгістраваных ствалоў. У добраахвотным парадку было здадзена звыш 800 адзінак боепрыпасаў і 4 выбухныя прыстасаванні.
За незаконныя дзеянні ў дачыненні да зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў пяць чалавек прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па артыкулах 294 - 296 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Акрамя таго, каля 60 грамадзян панеслі пакаранне ў адміністрацыйным парадку за парушэнне правілаў абароту зброі.
У ходзе аперацыі "Арсенал" супрацоўнікі віцебскай міліцыі праводзілі актыўную растлумачальную работу ў працоўных калектывах і навучальных установах, дзе арганізавана больш за 500 сустрэч і выступленняў. -0-