Больш за 100 каманд будуць спаборнічаць у зборы грыбоў у Полацкім раёне
Адным з этапаў фестывалю стане чэмпіянат па зборы грыбоў. Ён пачнецца ў 7.00 і завершыцца апоўдні - узважваннем кошыкаў з ляснымі дарамі. Па іх адправяцца больш за 100 каманд (па чатыры чалавекі ў кожнай). Сярод іх дружыны прадпрыемстваў, дзяржустаноў і грамадскіх арганізацый. Пераможцаў вызначаць у камандных спаборніцтвах, асабістым заліку, а таксама ў намінацыі "Самы вялікі грыб". Узнагароджваць прызёраў будзе Полацкі Лесун - міфалагічны герой, казачны "эколаг", які сочыць за парадкам у лесе.
Частка свята пройдзе ў Цэнтры турызму, краязнаўства і экскурсій. Тут гасцей чакаюць культурна-забаўляльная праграма, раённыя спаборніцтвы па кросе. Будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі. Сярод іх грыбная акадэмія і лясная кавярня, дзе раскажуць пра грыбы і пачастуюць стравамі з дароў лесу.