Больш за 100 каманд возьмуць удзел у грыбным чэмпіянаце ў Полацкім раёне
10 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дзень работнікаў лесу ў Полацкім раёне адзначаць 18 верасня чарговым грыбным чэмпіянатам, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Полацкага райвыканкама.
Грыбны чэмпіянат праводзіцца ў Полацкім раёне другі раз, і зноў яго прыме грыбная сталіца Віцебшчыны - вёска Дрэтунь. Сёлета на старт выйдуць больш за 100 каманд, якія прадстаўляюць сельсаветы, прадпрыемствы і арганізацыі Полацкага раёна, да іх далучацца таксама каманды горада Полацка. Нягледзячы на свята, па грыбное шчасце адправяцца і самі ляснікі. Дрэтунскі і Полацкі лясгасы, ААТ "Полацклес" выставяць на старт 17 каманд.
Пакуль адны будуць атрымліваць асалоду ад ціхага палявання, іншыя будуць гучна і весела рыхтавацца да сустрэчы грыбнікоў. Лясгасы прадставяць выставу сваёй прадукцыі, Маласітнянскі сельсавет абяцае пачаставаць усіх жадаючых нацыянальнымі стравамі. Не застануцца ўбаку ад свята мясцовыя артысты - яны рыхтуюцца падтрымаць усіх запальлівымі песнямі.
Па словах арганізатараў, на сёлетнім чэмпіянаце чакаюць каля 700 гасцей і ўдзельнікаў. Нягледзячы на такую колькасць людзей, грыбоў у дрэтунскіх лясах хопіць усім, запэўніваюць ляснікі.-0-