Больш за 100 малочных ферм будзе пабудавана ў Віцебскай вобласці за 2011-2015 гады
29 кастрычніка, Чашніцкі раён /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 100 малочна-таварных ферм будзе пабудавана ў Віцебскай вобласці за 2011-2015 гады. Пра гэта паведаміў першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы аблвыканкама Уладзімір Машэра на выязным пасяджэнні аблвыканкама ў Чашніцкім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Новыя высокатэхнічныя аб'екты будуць разлічаны на больш як 120 скатамесцаў, абсталяваны даільнымі заламі. Фермы плануецца ўзводзіць па паўторна ўжывальных праектах, рэкамендаваных Мінсельгасхарчам, з арыентыровачным коштам каля Br20 млрд. Паралельна з новым будаўніцтвам на працягу пяцігодкі будуць капітальна адрамантаваны і аснашчаны сучасным абсталяваннем больш за 120 дзейных ферм.
Пачынаючы з 2012 года вобласць павінна шукаць магчымасці штогод будаваць у кожным раёне па 1-2 новыя фермы, перакананы старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец. Пры гэтым спецыялізаваныя абласныя прадпрыемствы павінны быць гатовыя цалкам забяспечыць будматэрыяламі будучыя будоўлі. Новыя фермы па магчымасці трэба ўзводзіць на месцы старых аналагічных пабудоў, дзе ёсць пад'язныя шляхі, воданапорныя вежы і іншая інфраструктура. "Віцебская вобласць павінна мець высокаэфектыўнае даенне статак і ўжо ў бліжэйшы час імкнуцца атрымаць гадавыя надоі малака ад адной каровы не менш за 5 т", - паставіў задачу кіраўнік вобласці.
У 2010 годзе ў вобласці ўведзена ў эксплуатацыю 21 новая ферма, на будаўніцтва якой было накіравана каля Br470 млрд.-0-