Больш за 100 аб'ектаў адрамантуюць да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2022» у Глыбокім
Больш за 100 аб'ектаў будуць адрамантаваны ў Глыбокім у межах падрыхтоўкі горада да правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2022». На гэтыя мэты плануецца вылучыць не менш за 27 мільёнаў рублёў. Пра гэта на пасяджэнні абласнога штаба па падрыхтоўцы і правядзенні абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2022» у Глыбокім заявіў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў.

– Глыбокае – чарговая сталіца фестывалю-кірмашу «Дажынкі». За апошнія гады ў горадзе зроблена нямала, але, як і ў любым іншым райцэнтры, у Глыбокім ёсць аб'екты, якія патрабуюць асаблівай увагі, – адзначыў Уладзімір Цярэнтаў. – Гэта, у першую чаргу, аб'екты сацыяльнай сферы (дзіцячыя дашкольныя ўстановы, школы, спартыўныя збудаванні), жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадаркі (рамонт жылых дамоў, дарог, тратуараў). У дадзены момант па кожным з намечаных аб'ектаў рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя. Ужо з вясны наступнага года пачнуцца актыўныя рамонтна-будаўнічыя работы.
У пасяджэнні штаба таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус, начальнікі галоўных упраўленняў аблвыканкама, старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі.
У ходзе пасяджэння былі вызначаны задачы перад усімі структурнымі падраздзяленнямі і арганізацыямі раёна па выкананні Плана мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2022» у г. Глыбокае.
Запланавана правядзенне работ па капітальным і бягучым рамонце аб'ектаў жылфонду, водазабеспячэння, электразабеспячэння, добраўпарадкавання вуліц горада і прыдамавых тэрыторый; школ і дашкольных устаноў, Глыбоцкай цэнтральнай раённай бальніцы, устаноў культуры, аб'ектаў спартыўнага прызначэння і іншых.
Гаворачы аб рамонце гарадской дарожнай сеткі, Аляксандр Шубскі адзначыў, што за два гады ў Глыбокім адрамантавана і пабудавана новых тратуараў не менш за пяць кіламетраў, і гэтая праца будзе працягвацца ўнісон падрыхтоўцы горада да правядзення фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2022».
Таксама была пастаўлена задача працягваць работы па аб'екце «Рэканструкцыя будынка ДУ «Глыбоцкі раённы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр». Дарэчы, у бліжэйшы час будуць выкананы работы па гідраізаляцыі чашы басейна.
Уладзімір Церанцьеў таксама наведаў сярэднюю школу №3, будынак якой у дадзены момант капітальна рамантуецца ў рамках рэалізацыі праекта «Школа будучыні». Кіраўнік абласнога Савета дэпутатаў станоўча ацаніў ход работ, адзначыўшы пры гэтым, што гэтая ўстанова адукацыі пасля яе ўводу ў эксплуатацыю будзе адпавядаць сучасным патрабаванням па арганізацыі навучальнага працэсу.
– Аб'ём работ выкананы вялікі, многае прадугледжана для зручнасці навучэнцаў і педагогаў. Акрамя будынка ўстановы адукацыі плануецца прывесці ў парадак стадыён, тэрыторыю, прылеглую да школы, і на гэта таксама выдзелены грашовыя сродкі. Гэта будзе сапраўды Школа Будучыні, – сказаў Уладзімір Церанцьеў.