Больш за 100 прадпрыемстваў Віцебскай вобласці прадставяць інавацыйныя прапановы на інвестфоруме
19 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Больш за сотню прадпрыемстваў і арганізацый Віцебскай вобласці прадставяць інавацыйныя бізнес-праекты на чарговым міжнародным інвестыцыйна-інавацыйным форуме "Інвестыцыйныя ініцыятывы Віцебскай вобласці", які пройдзе 21-22 кастрычніка 2011 года ў Віцебску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела інвестыцый камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Наталля Салтановіч.
Удзел у форуме ўжо пацвердзілі прадстаўнікі латвійскіх дзелавых колаў.
Правядзенне форуму заклікана актывізаваць працэсы двухбаковага супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі, гарадамі, суб'ектамі гаспадарання, спрыяць нарошчванню экспартнага і інвестыцыйнага патэнцыялу, садзейнічаць рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў, прэзентаваць інавацыйныя ідэі і распрацоўкі.
Удзельнікам бізнес-форуму ў тым ліку будуць прадстаўлены паспяхова рэалізаваныя сумежныя бізнес-праекты. Акрамя таго, можна будзе атрымаць кансультацыі ў сферы бізнесу і інвестыцый, а таксама азнаёміцца з прынятымі ў краіне заканадаўчымі актамі па лібералізацыі эканомікі і стымуляванні прыватнай ініцыятывы. Разам з выставачнымі экспазіцыямі госці змогуць наведаць прадпрыемствы, гарады і раёны вобласці, а таксама на свае вочы ўбачыць пляцоўкі, прызначаныя для рэалізацыі бізнес-прапаноў.
Арганізатарам форуму выступае Віцебскі аблвыканкам.-0-