X Міжнародны эканамічны форум «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы» стартаваў у Віцебску

X Международный экономический форум «Инновации. Инвестиции. Перспективы» стартовал в Витебске
X Міжнародны эканамічны форум «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы» праходзіць у Віцебску. 15 дэлегацый з Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Крым, Індыі і Ірана – усяго больш за сто чалавек, прыехалі ў паўночную сталіцу Беларусі, каб азнаёміцца з найноўшымі навуковымі распрацоўкамі нашых вучоных, знайсці надзейных партнёраў, завесці цікавыя перспектыўныя знаёмствы для развіцця бізнесу.


Юбілейны форум упершыню праходзіць на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск» і супаў з фестывалем мастацтваў «Славянскі базар». Гэта дазволіла прыцягнуць да мерапрыемства максімальную ўвагу і падарыць гасцям больш аб'ёмнае ўражанне ад рэгіёна і краіны ў цэлым. Пра гэта на адкрыцці форуму гаварыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

– Нягледзячы на тое, што форум арыентаваны на эканамічнае супрацоўніцтва, мы заўсёды стараемся паказаць, як развіваецца вобласць, абазначыць перспектывы супрацоўніцтва і кропкі росту ва ўсіх галінах, ад прамысловасці да лагістыкі і турызму, – адзначыў Аляксандр Міхайлавіч. – Для любога інвестара надзвычай важна разумець, чым жыве рэгіён, у якім ён збіраецца весці бізнес. Хачу падкрэсліць галоўнае: мы адкрыты для цікавых праектаў і зробім усё, каб бізнес нашых партнёраў быў паспяховым.


У рэгіёне сфарміраваны багаты вопыт рэалізацыі самых смелых, а парой і нечаканых ідэй. Штогод у эканоміку вобласці прыцягваецца каля аднаго мільярда долараў інвестыцый, адкрываецца 3–4 тысячы новых працоўных месцаў. Кіраўнік вобласці завастрыў увагу на тым, што ўведзеныя санкцыі не замінаюць з'яўленню інавацыйных вытворчасцей у сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, аграрным сектары. Ён адзначыў, што ў вобласці працягваецца будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў, значна актывізавана праца па імпартазамяшчэнні, лакалізацыі вытворчасцей, падтрымцы айчынных вытворцаў. Улічваючы, што галоўнай тэмай форуму сталі пытанні імпартазамяшчэння пры рэалізацыі інавацыйных праектаў, Аляксандр Субоцін выказаў надзею на ўзаемадзеянне ў гэтым пытанні з расійскімі партнёрамі. Шмат што ўжо зроблена.

– Нашы прадпрыемствы напрацавалі высокія кампетэнцыі ў сферы вытворчасці сілавога аптычнага кабеля, водаачыснага абсталявання, прысадак да змазачных алеяў для ўсіх відаў рухавікоў, шырокай гамы прыбораў, датчыкаў, здольных працаваць у агрэсіўных сферах, – адзначыў кіраўнік Віцебскай вобласці. – Мы захоўваем канкурэнтаздольнасць у вытворчасці абутку, падлогавых пакрыццяў, вырабаў са шклопластыку, лёну, тарфу, драўніны. Маем намер развіваць кампетэнцыі ў сферы бія- і нанатэхналогій.


Аляксандр Субоцін разам з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі Дзмітрыем Мезенцавым, старшынёй Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Сяргеем Шлычковым, намеснікам старшыні Савета міністраў Рэспублікі Крым – пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Крым пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі Георгіем Мурадавым і іншымі ганаровымі гасцямі азнаёміліся з дасягненнямі маладых віцебскіх вучоных і перадавых прадпрыемстваў вобласці.

Прадстаўнікі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта прэзентавалі сярод іншага ўцяпляльнік і бітум – унікальныя матэрыялы, вырабленыя з дадаткам перапрацаванага тэкстылю. Такая тэхналогія дазваляе ў разы павялічыць трываласць прадуктаў. Камерцыялізацыя гэтых праектаў толькі за першы год была перавыканана ў 30 разоў! Вучоныя ВДУ імя П. М. Машэрава распрацавалі геаінфармацыйныя сістэмы для маніторынгу сельскагаспадарчых угоддзяў. Гэтая тэхналогія дазваляе павялічыць ураджайнасць сельгаскультур, што пацвярджаюць у кампаніі «Сушэва-Агра», дзе ўжо ёю карыстаюцца.

Зацікавіла ўдзельнікаў форуму інавацыйная прадукцыя ТАА «Віцебскдрэў». Прадпрыемства з'яўляецца адзіным на тэрыторыі Беларусі і Расіі, якое выпускае вільгацятрывалую пліту. Цяпер працэдуру сертыфікацыі праходзіць агнетрывалая пліта. Генеральны дырэктар «Віцебскдрэў» Юрый Дойлін распавёў, што неабходныя для вытворчасці кампаненты, якія паступалі раней з Еўропы, цяпер закупляюцца ў Расіі. У гэты бок пашырыліся і рынкі збыту.

Больш за70 працэнтаў торфу, які перапрацоўваецца прадпрыемствам «Віцебскаблгаз», пастаўляецца на экспарт. Гэта адзін з найбуйнейшых нетрапарыстальнікаў краіны. Інжынер сектара маркетынгу знешнеэканамічных сувязяў УП «Віцебскаблгаз» Дзмітрый Клімовіч адзначыў, што запасы торфу забяспечаць працай яшчэ больш чым на паўстагоддзя. Безумоўна, гэтая прадукцыя выклікала цікавасць удзельнікаў форуму.

Прэзідэнт гандлёва-прамысловай палаты Санкт-Пецярбурга Уладзімір Каценеў адзначыў, што тавараабарот паміж Беларуссю і паўночнай сталіцай Расіі складае больш за 2,5 мільярда долараў.– Нядаўна наш Кіраўскі завод падпісаў дагавор аб супрацоўніцтве са сваімі беларускімі калегамі аб рабоце па стварэнні трактароў вялікай магутнасці, якія амаль на сто працэнтаў незалежныя ад паставак з недружалюбных краін, – адзначыў Уладзімір Іванавіч. – Віцебск нам цікавы ў плане дрэваапрацоўкі, лёгкай і харчовай прамысловасці. Упэўнены, што наперадзе ў нас цікавыя праекты ў сферы турызму, адукацыі і навукі.

Яго калега з Пскоўскай вобласці Уладзімір Зубаў адзначыў, што супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі дзвюх краін не спынялася яшчэ з часоў Савецкага Саюза. Многія прадпрыемствы дапаўняюць адно аднаго. Да прыкладу, у Пскоўскай вобласці вырабляюць гумовы абутак, а ў Віцебскай – зімовыя ўкладышы для яго. І такіх калабарацый шмат.

Прадстаўнік Ісламскай Рэспублікі Іран Абдэхінежад Хамідрэза Абас распавёў аб планах наладзіць у Віцебскай вобласці вытворчасць біяраскладальнага посуду, упакоўкі, арэхавых паст, малочных прадуктаў і біялагічна актыўных дабавак. Аб сур'ёзных намерах замежнага партнёра сведчыць той факт, што ён гатовы ўкласці ў свой праект каля 40 мільёнаў долараў.

У межах форуму адбылося падпісанне сямі пагадненняў аб супрацоўніцтве. У прыватнасці, СЭЗ «Віцебск» падпісаны пратакол намераў па стварэнні вытворчасці электратэхнічных вырабаў з расійскай кампаніяй «Цэнтр будаўнічай камплектацыі», а таксама пагадненне аб супрацоўніцтве з фондам «Сколкава». Новым рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны стала ТАА «Арые Гальваметал» (Іран, Расія), якоее спецыялізуецца на гарачым цынкаванні.
Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна адзначыла, што, магчыма, правядзенне інвестфоруму ў новым фармаце стане традыцыйным, а Віцебск будзе па праву лічыцца не толькі культурнай, але і бізнес-сталіцай Беларусі.
Форум дазволіў партнёрам лепш пазнаць адзін аднаго, вызначыць варыянты ўзаемадзеяння, заклаў асновы для доўгатэрміновага партнёрства і супрацоўніцтва.