Больш за 100 відэапраекцыйных комплексаў для абслугоўвання вяскоўцаў набыта ў Віцебскай вобласці
28 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Больш за 100 стацыянарных і перасоўных відэапраекцыйных комплексаў для абслугоўвання жыхароў аграгарадкоў і малазаселеных вёсак набыта ў Віцебскай вобласці на 1 ліпеня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі.
Да канца бягучага года кінаперасоўкі будуць закуплены для Дубровенскага і Ушацкага раёнаў. Як адзначыў Мікалай Пашынскі, тэмп росту даходаў ад платных паслуг па прадпрыемствах кінавідэапракату рэгіёна за першае паўгоддзе 2009 года склаў 125,5%, пры гэтым ад кінапаказаў - больш за 130%. А валавы даход кінавідэапаказу за 6 месяцаў бягучага года перавысіў Br574 млн.
Разам з тым тэхнічны стан кінатэатраў вобласці застаецца праблемным, дадаў Мікалай Пашынскі. Сярод райцэнтраў праца па ўстаноўцы сучаснага відэапраекцыйнага абсталявання вядзецца толькі ў Паставах, Верхнядзвінску, Міёрах, Талачыне. Між тым стварэнне камфортных умоў для гледачоў спрыяе росту эканамічных паказчыкаў. Напрыклад, віцебскі кінатэатр "Спартак" да рамонту збіраў выручку ў памеры Br41,4 млн. Стаўшы пасля рэканструкцыі і мадэрнізацыі абсталявання Домам кіно, тут толькі ў першым паўгоддзі зарабілі больш за Br317 млн.
У бягучым годзе ў адпаведнасці з рэгіянальнай праграмай развіцця кінавідэасеткі запланавана выдзеліць на рамонт і тэхнічнае перааснашчэнне кінатэатраў вобласці звыш Br6 млрд. У першым паўгоддзі бягучага года накіравана Br420 млн.-0-